Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 лютага 2018, 15:43

Футбалісты БАТЭ завяршылі турэцкі збор перамогай над "Калхеці-1913"

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ перамогай завяршылі першы трэніровачны збор у Турцыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У заключным спарынгу ў Белеку падапечныя Алега Дулуба ўпэўнена перайгралі грузінскі клуб "Калхеці-1913" - 2:0. На 25-й хвіліне гульні лік адкрыў Максім Скавыш, а ў сярэдзіне другога тайма Ігар Стасевіч устанавіў канчатковы рэзультат. Да гэтага чэмпіёны Беларусі абгулялі чэшскія клубы "Фастаў" - 3:2 (галы ў БАТЭ - Захар Волкаў, Станіслаў Драгун, Максім Скавыш) і "Зброеўку" - 1:0 (Станіслаў Драгун), а таксама рэзервовы склад расійскага "Зеніта" з Санкт-Пецярбурга - 2:1 (Мікалай Сігневіч, Станіслаў Драгун). Барысаўчане ўжо вярнуліся на радзіму і 15 лютага адновяць падрыхтоўку да новага сезона.

Віцэ-чэмпіёны Беларусі футбалісты мінскага "Дынама" там жа ў Белеку правялі два таварыскія матчы. Спачатку каманда Сяргея Гурэнкі ўступіла расійскаму "Анжы" з Махачкалы, які трэніруе беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка - 0:2, а затым згуляла ўнічыю са славенскай "Алімпіяй" з Любляны - 1:1 (гол у "Дынама" - Аляксандр Наёк, з пенальці). У бліжэйшых планах мінчан яшчэ два спарынгі з расійскімі камандамі: 15 лютага з краснаярскім "Енісеем", 18 лютага з маскоўскім "Дынама".

Брэсцкія дынамаўцы таксама рыхтуюцца да новага сезона ў Турцыі. У чарговым кантрольным паядынку брастаўчане разграмілі "Вікінгур" з Фарэрскіх астравоў з лікам 4:0. Галявы дубль аформіў Кірыл Кірыленка, вызначыліся навабранец "Дынама" Павел Савіцкі і ветэран каманды Раман Васілюк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі