Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 мая 2016, 16:21

Беларусы выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы па футзале

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі паспяхова правяла першы этап чэмпіянату Еўропы па футзале, выйшаўшы ў чвэрцьфінал, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На папярэднім этапе спаборніцтваў у падмаскоўным Ягор'еўску падапечныя Сяргея Сафонава трапілі ў групу С, у якой двойчы абыгралі каманду Казахстана. У першым паядынку беларусы перамаглі сапернікаў з лікам 3:1, а затым выйгралі ў серыі пасляматчавых пенальці - 3:2 (асноўны час - 5:5).

У чвэрцьфінале 26 мая беларуская зборная згуляе з камандай, што зойме другое месца ў групе А. Хутчэй за ўсё, гэта будзе каманда Італіі, якая ў першым паядынку ўступіла ў серыі пенальці чэхам - 2:3 (асноўны час - 1:1), а потым разграміла ізраільцян - 7:2. Сёння ў заключным туры чэшскай дружыне, каб фінішаваць першымі, трэба абыграць ізраільцян з любым рэзультатам. Становішча каманд: Італія - 4 ачкі, Чэхія - 2, Ізраіль - 0.

У папярэдняй групе В гаспадары турніру расіяне на старце перамаглі з "сухім" лікам французаў - 4:0, а сёння згуляюць з нарвежцамі. Напярэдадні зборная Францыі адолела Нарвегію ў серыі пасляматчавых пенальці - 3:2 (асноўны час - 2:2). Становішча каманд: Расія - 3, Францыя - 2, Нарвегія - 1.

Чвэрцьфінальныя матчы адбудуцца 26 мая, паўфіналы - 27 мая, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул намечаны на 28 мая.

Кантынентальнае футзальнае першынство праводзіцца 12-ы раз. Зборная Беларусі з'яўляецца двухразовым чэмпіёнам Старога Свету, заваяваўшы золата ў 2004 і 2014 гадах. Рэкардсменам па колькасці тытулаў з'яўляецца каманда Расіі, якая была лепшай 4 разы (1998, 2006, 2008, 2010). Двойчы чэмпіёнамі былі партугальцы (1989, 1990), адзін раз золата заваёўвалі зборныя Іспаніі (1992), Славакіі (1995) і Бельгіі (2012).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі