Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 красавіка 2017, 18:21

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка атрымала прэстыжную прэмію Heart Award 2017

3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная тэнісная федэрацыя назвала першых чатырох уладальнікаў прэстыжнай прэміі Fed Cup Heart Award 2017. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка атрымала ўзнагароду за бліскучае выступленне ў матчы першага круга Сусветнай групы супраць зборнай Нідэрландаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі тэніса.

Чатырох пераможцаў вызначылі адкрытым галасаваннем на афіцыйным сайце Кубка Федэрацыі. Самым дастойным з ігракоў, якія ўдзельнічаюць у матчах першага круга сярод зборных Сусветнай групы і Сусветнай групы II Кубка Федэрацыі 2017 года, прызнана Арына Сабаленка.

"Рада прэміі! - падзялілася Арына. - Хачу выказаць удзячнасць балельшчыам, якія галасавалі за мяне. Менавіта дзякуючы паклоннікам нашага віду спорту ў мяне ёсць магчымасць дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу".

Уручэнне прэміі адбудзецца ў час паўфіналу Кубка Федэрацыі і плэй-оф першай і другой Сусветнай груп 22-23 красавіка. Пераможцы атрымаюць чэк, які яны змогуць перадаць выбранаму дабрачыннаму фонду.

Такая ўзнагарода ў 2016 годзе ўручана беларусцы Аляксандры Сасновіч, а ў 2011-м - Вікторыі Азаранка. Акрамя беларускі Арыны Сабаленка прэмію ў 2017 годзе атрымалі Галіна Васкабоева з Казахстана, Хізэр Уотсан з Вялікабрытаніі і канадка Бланка Андрэеску.

Узнагарода Heart Award уручаецца Міжнароднай федэрацыяй тэніса ігракам, якія гуляюць сэрцам, дэманструючы на корце мужнасць і адданасць нацыянальнай камандзе сваёй краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі