23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У БДУ пачнуць навучаць сіноптыкаў, паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Раман Лабазноў.
"На гэты момант у Беларусі не рыхтуюць сіноптыкаў. Мы пачалі вырашаць гэту праблему сумесна з Міністэрствам адукацыі і БДУ. Разам з геаграфічным факультэтам БДУ распрацавалі адпаведны план і ўжо з верасня бягучага года плануем пачаць набор спецыялістаў у магістратуру", - сказаў Раман Лабазноў.
Ён адзначыў, што да пытання падрыхтоўкі сіноптыкаў трэба падыходзіць комплексна. "Арганізаваць вучэбны курс у прынцыпе нескладана, але хто будзе вучыць спецыялістаў гэтага профілю? Акрамя таго, усіх выпускнікоў трэба забяспечыць работай. Таму гэта задача няпростая, хутка яе не вырашыш, але зачын ужо ёсць", - дадаў начальнік Белгідрамета.-0-