Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 ліпеня 2017, 18:35

У Беларусі абмежавана купанне ў вадаёмах 14 зон адпачынку, забаронена - у дзвюх

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду абмежавана купанне ў вадаёмах 14 зон рэкрэацыі, забаронена - у дзвюх, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Купанне дзяцей абмежавана ў сямі зонах рэкрэацыі. У Брэсцкай вобласці гэта пляжы "Цэнтральны" на левым беразе ракі Мухавец і "Усход" на правым беразе р.Мухавец у раёне Гузнянскага моста ў Брэсце. У Гомельскай вобласці ў спіс трапілі пляж "Каскад-2" па вул. П.Броўкі ў Гомелі, у Мінскай - пляжныя зоны Салігорскага вадасховішча ў Салігорску і вадаёма аг. Гоцк Салігорскага раёна, у Магілёўскай - пляж на Дняпры ў Магілёве. У Мінску абмежаванне датычыцца пляжаў нумар 7 і нумар 8 вадасховішча "Дразды".

Абмежаванне для купання дзяцей і дарослых таксама датычыцца сямі зон рэкрэацыі. Тры з іх размешчаны ў Гомельскай вобласці: рэкрэацыйная зона на левабярэжжы Прыпяці ад аўтамабільнага моста да рэчышча Мерлявіцы ў Мазыры, пляж "Каскад-1" Цэнтральнага раёна Гомеля і гарадскі пляж Нароўлі. У Мінскай вобласці купанне не рэкамендавана на Нёмане па вул. Школьнай аг. Магільна Уздзенскага раёна. У Магілёўскай вобласці ў спіс трапілі зона рэкрэацыі на Грабянёўскім возеры Магілёва, пляжы на Дняпры в. Палыкавічы і на Вільчыцкім вадасховішчы в. Вільчыцы Магілёўскага раёна.

Забаронена купанне ў р. Случ у раёне 11-га гарадка па вул. Сацыялістычнай у Слуцку і на вадасховішчы "Рудня" Слуцкага раёна.

Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы з 14 па 20 ліпеня правялі абследаванні 391 зоны рэкрэацыі. На 36 з іх устаноўлены парушэнні санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў адносна абсталявання і ўтрымання грамадскіх туалетаў, стаянак аўтатранспарту, кабінак для пераапранання (раздзявалак), кантэйнерных пляцовак і кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў і інш.

Па выніках ацэнкі зон рэкрэацыі выдадзена 29 рэкамендацый аб устараненні выяўленых недахопаў, накіравана 13 пісем у мясцовыя выканаўчыя органы, 17 - у ведамствы. Праведзены лабараторныя даследаванні 869 проб вады, 27 з іх не адпавядалі ўстаноўленым гігіенічным нарматывам (21 - па мікрабіялагічных паказчыках, 6 - па санітарна-хімічных).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі