Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2017, 09:00

Сенатары прапрацуюць пытанні прадастаўлення жылля і зніжэння падатковай нагрузкі для маладых спецыялістаў у вёсцы

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сенатары маюць намер прапрацаваць пытанні прадастаўлення жылля і зніжэння падатковай нагрузкі для маладых спецыялістаў у вёсцы, занятых у сацыяльнай і культурнай сферах. Аб гэтым паведаміў 18 кастрычніка журналістам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка перад пленарным пасяджэннем форуму "Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы вёскі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэма не новая, але змяніліся некаторыя фактары, і пара зверыць нашы рэальныя планы. Важна роля інтэлігентнай праслойкі ў вёсцы. Праблемы аднолькавыя - стандартызацыя рабочых месц маладых спецыялістаў, дапамога пры станаўленні і гэтак далей", - лічыць Віктар Сірэнка. Ён адзначыў, што ўдзельнікі форуму не толькі дзяліліся сваім вопытам, але і агучылі нямала прапаноў. "Трэба разгледзець пытанне аб зніжэнні падатковай нагрузкі на маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў сельскую мясцовасць па размеркаванні ў бюджэтную сферу, гэта значыць накіраваны туды дзяржавай. Або возьмем такі прыклад: гаспадарка прадастаўляе маладому вясковаму настаўніку або ўрачу жыллё. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам яно не можа перайсці ў далейшым яму ва ўласнасць, нават калі чалавек прадоўжыць свой працоўны шлях у гэтым населеным пункце. Трэба неяк вырашыць гэта пытанне", - сказаў намеснік старшыні.

У цэлым, адзначыў Віктар Сірэнка, да яго, як да намесніка старшыні Мінаблвыканкама, нярэдка звяртаюцца маладыя людзі. І ў асноўным з бытавымі пытаннямі, якія ўзнікаюць з-за фармалізму на месцах. "Стварэнне бытавых умоў - гэта першае, з чаго трэба пачынаць. Нагрузка на маладых спецыялістаў ужо значна вышэйшая. Для чалавека, які апынуўся ў непрывычных умовах, без падтрымкі бацькоў, якому яшчэ трэба выконваць працоўныя абавязкі, вырашаць бытавыя праблемы, - гэта вельмі шмат", - дадаў Віктар Сірэнка. Што ж датычыцца прадастаўлення льгот і надбавак да зарплаты "пачынаючым" вясковым інтэлігентам, то ў межах заканадаўства ўжо зроблена нямала.

Паводле слоў субяседніка, цяпер трэба разглядаць не трохгадовую "аседласць" маладых спецыялістаў, а больш доўгі тэрмін - пяць гадоў. Сёння ў Мінскай вобласці застаецца каля 60 працэнтаў маладых спецыялістаў усіх прафесій, якія размяркоўваюцца за межы райцэнтраў.

Форум "Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы вёскі" прайшоў 18 кастрычніка ў Мінску. Ён аб'яднаў членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў розных узроўняў, кіраўніцтва рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікоў вясковай інтэлігенцыі, сельгасарганізацый і іншых устаноў з розных куткоў краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі