Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 верасня 2017, 12:46

Русы арыентуе Мінпрыроды на ўдасканаленне заканадаўства і зладжаную работу з Літвой па АЭС

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна ўдасканаліць заканадаўства ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў і наладзіць зладжаную работу з Літвой па АЭС. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, прадстаўляючы калектыву новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Павінна быць цвёрдая пазіцыя ў рабоце з нашымі суседзямі, з той жа Літвой. Што датычыцца АЭС, ёсць правілы, ёсць законы, ёсць канвенцыя - мы дакладна прытрымліваемся гэтых канонаў", - сказаў Міхаіл Русы і падкрэсліў, што гэта пытанне не трэба палітызаваць. Таксама ён звярнуў увагу на праблему высечкі дрэў у Белавежскай пушчы з боку Польшчы і адзначыў неабходнасць аховы гэтага знакавага прыроднага аб'екта.

Віцэ-прэм'ер даручыў удасканальваць заканадаўства ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. "Трэба вывучыць, што неабходна адрэгуляваць на заканадаўчым узроўні. Мы заўсёды аператыўна адказваем на вашы прапановы", - адзначыў Міхаіл Русы. Ён прывёў у прыклад прынятыя нядаўна меры для рацыянальнага выкарыстання рыбалоўных угоддзяў. Указам нумар 247 быў устаноўлены парадак перадачы ў арэнду рыбалоўных угоддзяў (азёры, натуральныя вадаёмы) і зямельных участкаў па ўзгадненні з Прэзідэнтам, укаранёна комплексная схема размяшчэння паверхневых водных аб'ектаў (сажалкі і абводненыя кар'еры), прыдатных для вядзення рыбаводства, на падставе якой мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць перадаваць іх у арэнду. Для рэалізацыі права насельніцтва на бясплатнае аматарскае рыбалоўства дакументам прадугледжана не перадаваць у арэнду ўчасткі вадацёкаў (рэкі, ручаі, каналы). "Па гэтым пытанні была цвёрдая пазіцыя Мінпрыроды. Я далажыў кіраўніку дзяржавы, і рашэнні былі прыняты аператыўна", - дадаў Міхаіл Русы.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. "Трэба выпрацоўваць адзіныя падыходы, шукаць агульныя праекты, выкарыстоўваць сістэму малых грантаў, сістэму работы з Сусветным банкам па прыцягненні і крэдытных рэсурсаў, і грантавых паступленняў. Лясны сектар пацвярджае эфектыўнасць такой работы. Ёсць яшчэ шэраг прыкладаў: сістэма малых грантаў дапамагае прыводзіць у парадак школы, дзіцячыя сады, дапамагае і ў прыродаахоўнай сферы. Гэтым трэба займацца, гэта дае свае рэзультаты", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. Ён таксама даручыў удасканаліць работу з кадрамі і сістэму падрыхтоўкі дакументаў у міністэрстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі