Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 красавіка 2018, 18:11

Палату падатковых кансультантаў плануецца стварыць у Беларусі да канца красавіка

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палату падатковых кансультантаў плануецца стварыць у Беларусі да канца красавіка бягучага года. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў Мінску прайшоў этап першага кваліфікацыйнага экзамену ў фізічных асоб, якія прэтэндуюць на атрыманне кваліфікацыйнага атэстата падатковага кансультанта. Уладзімір Муквіч адзначыў, што атэстаты будуць выдадзены на працягу дзесяці дзён. Пасля гэтага ў адпаведнасці з заканадаўствам павінна быць створана некамерцыйная арганізацыя - Палата падатковых кансультантаў. Далей першыя падатковыя кансультанты пачнуць работу. "Чакаем, што да канца красавіка палата будзе зарэгістравана. З боку Міністэрства па падатках і зборах будуць прыняты неабходныя арганізацыйныя меры. Трэба будзе выпрацаваць статут Палаты падатковых кансультантаў, заснаваць гэту арганізацыю. Плануецца стварыць ініцыятыўную групу, якая зоймецца рэгістрацыяй у Міністэрстве юстыцыі", - сказаў ён.

Пералік падатковых кансультантаў будзе размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Міністэрства па падатках і зборах. Паводле слоў намесніка міністра, бізнес праяўляе цікавасць да новага механізма кансультавання. "Паступаюць пытанні аб тым, што калі пачне працаваць механізм, якім чынам з імі будзе ўзаемадзейнічаць падатковая служба. Чакаем, што з рэалізацыяй гэтага механізма будзе павышана выканальніцкая дысцыпліна, падатковая культура. Лічым, што ён пасадзейнічае лібералізацыі дзейнасці плацельшчыкаў і створыць больш камфортныя ўмовы для іх работы", - дадаў Уладзімір Муквіч.

У якасці кандыдатаў для здачы экзаменаў зарэгістраваны ўжо больш за 100 чалавек. Запланавана правядзенне двух экзаменаў у красавіку, двух - у маі і аднаго - у чэрвені. У далейшым колькасць экзаменаў будзе залежаць ад таго, наколькі актыўна грамадзяне будуць падаваць заявы. "Ёсць асобы, якія падаюць заявы на атрыманне статусу падатковага кансультанта ў надзеі памяняць месца работы. Ёсць асобы, якія працуюць на пастаяннай аснове ў арганізацыях, але прафесійна не займаюцца падатковым кансультаваннем іншых суб'ектаў. Адзначаем імкненне грамадзян да пашырэння сваіх прафесійных магчымасцей, - адзначыў намеснік міністра. - Мы не можам прадбачыць, як будзе паводзіць сябе падатковы кансультант у канкрэтнай сітуацыі. Магчыма, нейкія памылкі будуць, для гэтага прадугледжаны механізм страхавання".

Як паведамлялася, указ нумар 338 "Аб падатковым кансультаванні" ўступіў у сілу 24 снежня 2017 года. Дакумент укараняе ў краіне прафесійны інстытут пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Яго прымяненне дае магчымасць засцерагчы бізнес ад памылак і парушэнняў падатковага заканадаўства, знізіць карупцыйныя рызыкі ў сферы падаткаабкладання. Інстытут падатковых кансультантаў ствараецца ў Беларусі з улікам станоўчага замежнага вопыту. Правам аказання такіх паслуг надзяляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і камерцыйныя арганізацыі, якія маюць у сваім штаце не менш за аднаго падатковага кансультанта. Пры гэтым працаваць на такой пасадзе спецыяліст зможа пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену ў МПЗ і атрымання атэстата падатковага кансультанта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі