Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 ліпеня 2017, 13:39

Новыя падыходы ў лячэнні пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй зацвердзілі ў Беларусі

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы нацыянальны клінічны пратакол лячэння ВІЧ-інфекцыі зацвердзілі ў Беларусі, паведаміў журналістам першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пратаколе замацаваны ўніверсальны доступ да АРВ-тэрапіі, што прадугледжвае лячэнне ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад клінічнай стадыі ВІЧ-інфекцыі або ад узроўню клетак CD4. Дакумент будзе ўведзены ў краіне з 1 студзеня 2018 года.

Кіраўнік Краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што прыняццю гэтага дакумента папярэднічала значная работа як унутры краіны, так і за межамі. Упершыню СААЗ дала рэкамендацыю лячыць усіх у 2015 годзе. У 2016-м была выпушчана зводная інструкцыя па выкарыстанні антырэтравірусных прэпаратаў для ВІЧ-інфіцыраваных, яна і лягла ў аснову для распрацоўкі нацыянальных беларускіх пратаколаў.

Згодна з рэкамендацыяй СААЗ, кожная асоба, інфіцыраваная ВІЧ, павінна пачынаць антырэтравірусную тэрапію як мага хутчэй пасля пастаноўкі дыягназу. Гэта рэкамендацыя была заснавана на выніках клінічных даследаванняў, якія пацвярджаюць, што ранні пачатак антырэтравіруснай тэрапіі садзейнічае зніжэнню смяротнасці, паляпшэнню здароўя ВІЧ-інфіцыраваных, а таксама зніжэнню рызыкі перадачы віруса партнёру.

Практычнае ўкараненне названых пратаколаў - наступны крок і амбіцыйная задача. Іх прымяненне дасць магчымасць перш за ўсё палепшыць дыягностыку і выяўляльнасць, пашырыць доступ і палепшыць якасць лячэння, а таксама наблізіць паслугі аховы здароўя да насельніцтва, якое мае ў іх патрэбу.

У глабальным маштабе колькасць людзей, якія падлягаюць антырэтравіруснай тэрапіі, у сувязі з прыняццем гэтых рэкамендацый узрасла да 37 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі