Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 мая 2016, 13:40

МУС: неабходна ўдасканальваць заканадаўства ў сферы міграцыі

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна ўдасканальваць нарматыўна-прававую базу ў сферы міграцыі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка ў час круглага стала "Міграцыя ў Рэспубліцы Беларусь: тэндэнцыі, выклікі, перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь стаіць на парозе новых выклікаў і пагроз, якія дыктуе міжнародная палітычная, эканамічная і экалагічная кан'юнктура, - адзначыў намеснік міністра. - Неабходна ўдасканальваць нарматыўна-прававую базу ў сферы міграцыі, укараняць новыя формы і метады работы, выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і рэсурсы".

Разам з тым Мікалай Мельчанка падкрэсліў: "Дзяржава бачыць у мігрантах не проста аб'ект уліку і рэгулявання, а ў першую чаргу людзей з усімі іх патрэбамі і праблемамі, а таксама патэнцыялам для ўнясення ўкладу ў развіццё".

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Беларусі Зейнал Гаджыеў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, адзначыў, што рэспубліка, хоць і не была закранута міграцыйным крызісам, тым не менш, з'яўляючыся краінай транзіту і непасрэдным суседам ЕС, не застаецца ў баку ад працэсаў, якія адбываюцца. "Каб эфектыўна рэагаваць на міграцыйныя выклікі, Беларусь павінна мець належную міграцыйную палітыку, заснаваную на прыхільнасці да міжнародных стандартаў, паважлівым стаўленні да мігрантаў, а таксама адпаведную сучасным рэаліям і нацыянальным інтарэсам, - сказаў Зейнал Гаджыеў. - Акрамя таго, урад павінен умець выкарыстаць патэнцыял міграцыйных працэсаў у мэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства".

Ён назваў тры тэндэнцыі, якія склаліся апошнія гады і непасрэдна ўплываюць на агульную міграцыйную сітуацыю ў рэспубліцы. Па-першае, гэта ўзрастаючая значнасць працоўнай міграцыі (Беларусь з'яўляецца і краінай паходжання, і краінай назначэння працоўных мігрантаў). Па-другое, гэта істотны прыток грамадзян Украіны, галоўным чынам вымушаных мігрантаў з паўднёва-ўсходняй частцы. Па-трэцяе, гэта значны рост нерэгулярнай транзітнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі. Гэтыя і многія іншыя пытанні, звязаныя з міграцыяй, сталі прадметам актыўнага абмеркавання ў час круглага стала.

Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам унутраных спраў і прадстаўніцтвам МАМ пры фінансавай падтрымцы МЗС Нарвегіі і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН). У ім прымаюць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, акадэмічных колаў, дыпламатычнага корпуса, прыватнага сектара, а таксама незалежныя эксперты.

На мерапрыемстве будуць распрацаваны рэкамендацыі па вырашэнні актуальных для Беларусі пытанняў у сферы міграцыі. Гэты дакумент у будучым можа выкарыстоўвацца пры распрацоўцы эфектыўнай міграцыйнай палітыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі