Сцяг Нядзеля, 3 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2015, 09:39

Мінпрыроды плануе рассяліць зуброў па Беларусі

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя плануе рассяліць зуброў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка 10 снежня перад пачаткам прэзентацыі абноўленай Стратэгіі па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці і сайта па механізме пасрэдніцтва.

"Мы распрацоўваем новую праграму на пяцігадовы перыяд, у якой прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў па захаванні зуброў. Цяпер ідзе актыўнае перамяшчэнне зуброў па тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, мікрапапуляцыя жывёл ужо створана ў заказніку "Налібоцкі". Акрамя таго, мы звярнулася ў БТПР, каб яны пасадзейнічалі нам у стварэнні новых мікрапапуляцый у паляўнічых угоддзях, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі", - адзначыла Наталля Мінчанка.

Расійскі нацыянальны парк "Смаленскае Паазер'е" таксама абмяркоўвае з Беларуссю магчымасць закупкі зуброў для стварэння ў сябе мікрапапуляцый.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі падкрэсліў, што захаванне зубра - адна з ключавых мэт абноўленай Стратэгіі па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці. "Мы падрыхтавалі дарожную карту і прапрацоўваем яе з нашымі польскімі, літоўскімі і латвійскімі суседзямі. Мы хочам, каб зубр стаў не вальерным зверам, а дзікім - неад'емным элементам нашай прыроды", - канстатаваў ён. З польскімі калегамі спецыялісты Мінпрыроды працуюць ужо над сумесным праектам па зубры. "Наша мэта - вярнуць зубра ў дзікую прыроду і стварыць устойлівыя папуляцыі на мяжы", - растлумачыў намеснік міністра. "Фінансаванне праекта плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў Еўрасаюза. У 2016 годзе мы плануем яшчэ раз запрасіць польскіх спецыялістаў для перагавораў", - дадала Наталля Мінчанка.

Як паведамлялася, Беларусь знаходзіцца на першым месцы па колькасці зуброў, якія пражываюць у натуральных прыродных умовах. Пачынаючы з 10 зуброў у 1940-х гадах мінулага стагоддзя, краіна ўжо прыйшла да лічбы больш як 1200 асобін.

Прэзентацыя абноўленай Стратэгіі па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці і сайта па механізме пасрэдніцтва прайшла 10 снежня ў Мінску. Удзел у ёй прынялі больш як 50 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў, СМІ. "Сёння мы хочам яшчэ раз прадставіць абноўленую Стратэгію па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці. Да гэтай стратэгіі распрацаваны канкрэтны план мерапрыемстваў з 2016 па 2020 год, акрэслены выканаўцы кожнага з іх. Усяго гэтых мерапрыемстваў семдзесят. Мы пастараліся зрабіць названы план такім, каб гэта было не проста разважанне аб тым, што мы любім прыроду і за яе перажываем", - рэзюмаваў Ігар Качаноўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі