Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2017, 16:16

Грантавая праграма ўрада Японіі "Карані травы" ў Беларусі можа быць пашырана

23 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Праграма ўрада Японіі "Карані травы - грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека" ў Беларусі можа быць пашырана. Аб гэтым, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў сёння журналістам пасля сустрэчы са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага.

"У Японіі і Беларусі агульны трагічны вопыт. Для нас наступствы трагедыі ў Чарнобылі - не чужая справа, таму мы рады дапамагаць насельніцтву Беларусі. Мы абавязкова будзем прадаўжаць праграму "Карані травы" і нават хочам яе пашыраць у будучым. Цяпер у Токіа разглядаюць нашу прапанову па павелічэнні бюджэту для гэтай дзейнасці", - паведаміў дыпламат.

Асноўнай мэтай візіту Хірокі Такунага ў Брэсцкую вобласць з'яўляецца ўдзел у цырымоніях па афіцыйнай перадачы медыцынскага абсталявання ўстановам аховы здароўя рэгіёна. Учора такое мерапрыемства адбылося ў Лунінцы, дзе цэнтральнай раённай бальніцы быў перададзены сучасны УГД-апарат. Сёння дыпламата чакаюць у Брэсцкай абласной бальніцы, якая набыла за кошт грантавай дапамогі урэтэрарэнафібраскоп з наборам інструментаў.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс падзякаваў ураду Японіі за фінансавую дапамогу ў пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС, адзначыўшы, што гэта ініцыятыва дала магчымасць умацаваць тэхнічную базу шэрага ўстаноў аховы здароўя і палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Так, для Пінскай цэнтральнай бальніцы па японскім гранце быў закуплены мабільны УГД-апарат. Сучасны УГД-апарат таксама быў набыты для абласнога эндакрыналагічнага дыспансера.

"Мы пастаянна працуем над умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскай сферы. У 2016 годзе на будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і бягучы рамонты аб'ектаў аховы здароўя вобласці было зрасходавана больш за $10 млн. Акрамя таго, на набыццё медыцынскага абсталявання было затрачана больш як $3 млн", - праінфармаваў госця губернатар. Дзякуючы гэтаму ў рэгіёне ажыццяўляюцца высокатэхналагічныя аперацыі. У цэлым па вобласці дасягнуты дадатны натуральны прырост насельніцтва. За мінулы год ён склаў 1 257 чалавек. Нараджальнасць склала 13,5 дзяцей на 1 тыс. насельніцтва - гэта лепшы паказчык у рэспубліцы. Таксама ў вобласці знізіўся паказчык агульнай смяротнасці.

Губернатар адзначыў, што ў рэгіёне таксама актыўна працуюць над рэалізацыяй сумесных міжнародных праектаў у ахове здароўя. Анатоль Ліс выказаў упэўненасць, што гэта супрацоўніцтва, у тым ліку з урадам Японіі, будзе прадоўжана.

Праграма ўрада Японіі "Карані травы - грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека" ажыццяўляецца ў Беларусі з 2004 года. За гэты час рэалізавана 38 праектаў на агульную суму $3,1 млн. Для ўстаноў аховы здароўя ў рэгіёнах краіны закуплена 207 адзінак рознага абсталявання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі