5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі не плануе ў І паўгоддзі 2016 года правяраць прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, аднак маніторынг за сітуацыяй захаваецца. Аб гэтым заявіў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў.
"У нас на I паўгоддзе не запланавана праверак прадпрымальнікаў на рынках. У планавым парадку мы гэта рабіць не будзем. Але будзем маніторыць сітуацыю, - расказаў ён. - Абавязкова будзем глядзець за тымі, хто размяшчае на рынку вялікія партыі прадукцыі. Гэта могуць быць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі".
"Калі мы ўбачым, што ўзнікае сітуацыя з пастаўкай тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням, то будуць назначацца пазапланавыя праверкі, і гэтыя суб'екты будуць правярацца ў поўным аб'ёме. Вось такую тактыку мы для сябе прынялі", - падкрэсліў Сяргей Іўлеў.
Паводле яго слоў, часам жаданне атрымаць максімальны даход перасільвае абавязацельствы адносна таго, каб прапанаваны пакупнікам тавар быў легальны і бяспечны. "Ёсць эканамічны інтарэс купіць вельмі танны тавар і прадаць яго максімальна дорага. Гэта самая маржа, што атрымліваецца пры такой аперацыі, часам засланяе вочы і выходзіць на першае месца", - лічыць намеснік старшыні Дзяржстандарту.
Сяргей Іўлеў таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны аптовыя структуры, дзе можна легальна набыць тавар для наступнай рэалізацыі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. "Такія структуры створаны, імі можна карыстацца. Але прадпрымальнік - гэта чалавек, які выбірае свой шлях паводзін, ён сам арганізоўвае свой бізнес. Але мы тады яму гаворым: арганізоўваючы свой бізнес, калі ласка, выконвайце правілы", - дадаў ён.
Як паведамляла БЕЛТА, у плане кантрольнай дзейнасці на I паўгоддзе 2016 года не прадугледжана правядзенне ў ІП, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках, кірмашах, у гандлёвых цэнтрах, праверак адпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням ТР МС 017/2011 (за выключэннем праверак па скаргах і зваротах грамадзян).-0-