9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сусветны банк у 2019 годзе пачнуць рэалізацыю новага праекта ў сферы адукацыі, паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер.
"Па запыце беларускага ўрада мы згадзіліся прыняць удзел у праекце, які разлічаны на сферу вышэйшай адукацыі. Гэта праграма яшчэ знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі, аднак Сусветны банк хацеў бы дапамагчы Беларусі зрабіць так, каб праграма вышэйшай школы ў краіне была ў большай ступені разлічана на патрэбнасці рынку працы. Рэалізацыя гэтай праграмы пачнецца ў 2019 годзе", - сказаў Аляксандр Крэмер.
Кіраўнік прадстаўніцтва СБ нагадаў, што Беларусь ужо зрабіла значны крок наперад у гэтай галіне - стала часткай Балонскага працэсу, які нацэлены на ўдасканаленне сферы вышэйшай адукацыі. "Сусветны банк мог бы дапамагчы краіне ў выкананні ўзятых ёю абавязацельстваў у рамках Балонскага працэсу. Гэта дасць магчымасць мадэрнізаваць сістэму ўніверсітэцкай адукацыі так, каб яна адпавядала існуючым міжнародным стандартам", - растлумачыў ён.
Аляксандр Крэмер таксама расказаў, што Сусветны банк удзельнічае ў рэалізацыі і іншых праектаў у сацыяльнай сферы, у прыватнасці сумеснага праекта з Міністэрствам аховы здароўя. "Цяпер Міністэрства аховы здароўя Беларусі пачынае рэалізацыю праграмы, якая атрымлівае нашу фінансавую падтрымку. Сродкі ў рамках праекта будуць укладвацца ў тым ліку і ў стварэнне сімуляцыйных цэнтраў пры навучальных установах, якія рыхтуюць спецыялістаў у галіне аховы здароўя. Гэта дасць магчымасць урачам і медсёстрам напрацоўваць неабходныя навыкі на спецыяльна абсталяваных манекенах. Такія цэнтры плануецца стварыць па ўсёй Беларусі", - адзначыў ён.
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва СБ, праект дапаможа Міністэрству аховы здароўя ў стварэнні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя. "Ёсць яшчэ адзін праект, які натхняе мяне нават больш, хоць сам ён невялікі і аб ім мала хто чуў. У нас ёсць група экспертаў, адданых сваёй справе, якія кансультуюць урад Беларусі па пытаннях процідзеяння курэнню. Відавочна, няхай нават у вас створана самая сучасная сістэма аховы здароўя: калі насельніцтва вядзе нездаровы лад жыцця (асабліва мужчыны), то ніводная сістэма свету не зможа зрабіць такіх людзей больш здаровымі", - рэзюмаваў Аляксандр Крэмер.
У праект з Міністэрствам аховы здароўя Сусветны банк плануе ўкласці $125 млн.-0-