Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 верасня 2017, 16:46

Беларусь і Індыя рыхтуюць праграму сумеснай дзейнасці ў адукацыі

11 верасня, Нью-Дэлі /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Індыя рыхтуюць праграму сумеснай дзейнасці ў адукацыі. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы адпрацоўваем праграму сумеснай дзейнасці ў галіне адукацыі, якую плануем у бліжэйшы час падпісаць. Можа, да канца гэтага года. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтай праграмы", - сказаў міністр.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, праграма будзе ў тым ліку ўключаць падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі, сумесную рэалізацыю навуковых праектаў з ВНУ. "Мы павінны выйсці ў перспектыве на падпісанне двухбаковых дагавораў паміж канкрэтнымі ВНУ Беларусі і Індыі", - адзначыў ён.

Міністр расказаў, што ў Індыі ёсць свае напрацоўкі ў сістэме вышэйшай адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, навуковых даследаванняў, якія могуць быць цікавыя беларускаму боку. У той жа час ёсць магчымасць нарасціць беларускі экспарт адукацыйных паслуг. Магчыма рэалізацыя сумесных праектаў, пад якія выдзяляюцца гранты на міжнародным узроўні.

У цэлым адукацыйнае супрацоўніцтва Беларусі з Індыяй мае дадатную дынаміку. У 2016/2017 навучальным годзе ў беларускіх ВНУ на платнай аснове навучаліся 356 індыйскіх грамадзян. Аднак міністр мяркуе, што, улічваючы шматлікае насельніцтва Індыі, гэта лічба нязначная. "Нам трэба сур'ёзна папрацаваць для таго, каб нарасціць экспарт адукацыйных паслуг. Тым больш што ў індыйскага боку ёсць пэўны інтарэс да шэрага спецыяльнасцей. І мы сёння стараемся пашыраць падрыхтоўку па спецыяльнасцях на англійскай мове, што для іх таксама цікава", - заявіў Ігар Карпенка.

У рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Індыю таксама будзе закранацца тэматыка развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў адукацыі. Рыхтуецца да падпісання мемарандум, які датычыцца ўзаемадзеяння ў сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Плануецца, што Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі акажа садзейнічанне ў стварэнні адпаведных рэсурсных цэнтраў па падрыхтоўцы рабочых кадраў і кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на тэрыторыі Індыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі