Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 мая 2017, 15:06

Абсалютная большасць няшчасных выпадкаў з дзецьмі адбываецца ў быце - Міністэрства аховы здароўя

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абсалютная большасць няшчасных выпадкаў з дзецьмі адбываецца ў быце. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі зацверджана Стратэгія прафілактыкі дзіцячага траўматызму, пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) распрацаваны адпаведны міжведамасны план. Мэтавы паказчык зніжэння на 10 працэнтаў дзіцячай смяротнасці, у тым ліку ад знешніх прычын дасягнуты. "Смяротнасць ад знешніх прычын у цэлым знізілася ва ўсіх узроставых групах акрамя дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў", - канстатавала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Яна падкрэсліла, што ўсе няшчасныя выпадкі з дзецьмі адбываюцца ў быце (гэта выпадкі асфіксіі, калі ў дыхальныя шляхі дзіцяці трапляюць іншародныя прадметы, выпадковыя падзенні, утапленні і г.д.).

Дзіцячая смяротнасць у 2016 годзе склала 3,2 праміле - па гэтым паказчыку Беларусь лідзіруе ў СНД і знаходзіцца ў ліку лепшых у Еўропе. За апошнія пяць гадоў дзіцячая смяротнасць значна знізілася і складае менш як 40 выпадкаў на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва. Што датычыцца першаснай дзіцячай інваліднасці, то ў мінулым годзе гэты паказчык крыху падрос (на 2 працэнты), але не за кошт цяжкіх ступеней страты здароўя, а за кошт лёгкіх, удакладніла прадстаўнік міністэрства.

"Вялікая ўвага ўдзяляецца дзецям-інвалідам, дзецям, якія маюць праблемы са здароўем. Акцэнт зроблены на развіцці медыцынскай рэабілітацыі, - сказала Людміла Лёгкая. - Прыярытэтным напрамкам на бліжэйшыя гады з'яўляецца развіццё службы ранняга ўмяшання, што дасць магчымасць аказваць дзіцяці медыцынскую дапамогу з моманту пастаноўкі дыягназу".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі