9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе дзеці павінны вучыцца ў школах у роўных умовах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, заслухоўваючы даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не галоўнае пытанне, бягучае пытанне, але яно вельмі важнае - школа. Заўтра дзеці пойдуць у школу. Маё патрабаванне адно, яно ідзе ад грамадства: усе дзеці павінны быць у роўных умовах і павінны пайсці ў школу "аднолькава". Яны павінны быць апрануты, як усе. Ёсць бяднейшыя слаі насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апрануты і падрыхтаваны: партфелі, рукзакі і іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, - усё павінна быць аднолькава. Дзе браць грошы, я ўжо дзесяць разоў аб гэтым гаварыў у папярэднія гады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асобна падкрэсліў, што не будзе сёння заслухоўваць падрабязныя справаздачы аб тым, як завяршыўся набор абітурыентаў у ВНУ, як школы гатовы да новага навучальнага года, і іншыя даклады. "Мы гэта ўсё роўна абмяркуем у бліжэйшы час на асобнай нарадзе", - адзначыў беларускі лідар і дадаў, што на ёй прымуць рашэнне па праблемах, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі: ад школы да паслядыпломнай адукацыі.
"Сёння задача адна - мы павінны абазначыць гэтыя праблемы і да нарады падрыхтаваць рашэнне або прыняць рашэнне па гэтых праблемах. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.-0-