21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці забяспечыць зялёную вуліцу для інвестараў, звяртаючыся сёння са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Першае, што нам трэба зрабіць, - змяніць стаўленне да інвестараў. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаны забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна!" - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы для інвесціравання. Удалося дабіцца макраэканамічнай стабілізацыі, няма палітычных узрушэнняў, дзейнічае адпаведнае заканадаўства. Не робіцца ніякіх адрозненняў паміж айчыннымі і замежнымі інвестарамі. "Узнікае пытанне: калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб'ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?" - спытаў беларускі лідар.
"Сёння на пазіцыю буйнейшага інвестара ў свеце выходзіць дружалюбны нам Кітай. Усе рэгіёны рэспублікі ўстанавілі з правінцыямі Кітая пабрацімскія сувязі, дамовіліся аб рэалізацыі шэрага праектаў. Чаму не відаць канкрэтных спраў? За гэта таксама запатрабуем", - сказаў Прэзідэнт.-0-