Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 жніўня 2017, 17:11

Лукашэнка: бягучы год - момант ісціны для трох губернатараў

2 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Бягучы год - момант ісціны для трох губернатараў у Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адпаведную заяву Прэзідэнт зрабіў, заслухоўваючы даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, які, у прыватнасці, паведаміў, што вытворчасць раслінаводчай прадукцыі ў вобласці па выніках года будзе павялічана. "Вялікіх нейкіх праблем, дзе трэба было б ваша ўмяшанне, я не бачу, за выключэннем тых, пра якія дакладвалі мае калегі. Усё астатняе ідзе ў штатным рэжыме", - сказаў губернатар.

"У вас не павінна быць ні да мяне, ні да цэнтра ніякіх пытанняў. Усе пытанні, якія вы перада мной ставілі, мы вырашалі на месцы. Калі нехта не выканаў з міністраў або членаў урада, вы скажыце Сямашку або мне непасрэдна. Зніміце трубку і пазваніце. Мы прынялі ўсе рашэнні, пачынаючы ад чарнобыльскай зоны. Мы абмеркавалі канцэптуальна і практычна ўсе пытанні", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я для чаго гэта гавару: для вас, для Анатоля Ліса (старшыня Брэсцкага аблвыканкама), для Уладзіміра Краўцова (старшыня Гродзенскага аблвыканкама) гэты год - момант ісціны. Я вам гаварыў гэта і цяпер паўтараю публічна. На падыходзе Даманеўскі і Шарстнёў (губернатары Магілёўскай і Віцебскай абласцей)", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адносна Анатоля Ісачанкі, які толькі нядаўна быў назначаны старшынёй Мінскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на гэта, адпачываць яму не давядзецца.

"А вось для трох губернатараў, якія працуюць нямала, - момант ісціны. Не крыўдзіцеся. Я вам гаварыў гэта па-мужчынску кожнаму. Таму рабіце ўсё неабходнае, каб вы ў выніку па годзе маглі сказаць, што вось: было столькі цэнтнераў, цяпер - столькі, былі сянаж і сілас у буртах, цяпер - у траншэях, кукурузы было столькі, цяпер - столькі. А вось - травяныя кармы, капуста, цыбуля. За ўсё гэта вам у бягучым годзе адказваць спаўна", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, хутчэй за ўсё, прыедзе ў адпаведныя тры вобласці пазней, восенню ці зімой. "Падвядзём вынікі на месцах. Я вас проста папярэджваю, каб вам было што сказаць у прысутнасці Прэзідэнта і жыхароў цудоўных паўднёвых рэгіёнаў і перадавой вобласці", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што размова не ідзе аб нейкіх прэтэнзіях да таго ці іншага губернатара. "Я не выключаю, што вас трэба будзе ўзнагароджваць за работу. А вы адразу пачынаеце хвалявацца, што заўтра з вас запатрабуюць. Дык вы маеце рацыю. Я кожны дзень з вас патрабую, - заўважыў Прэзідэнт. - Але тры губернатары - гэта тыя, якія ў бягучым годзе памры, але дай вынік вышэйшы, чым у мінулыя гады".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што галоўнае - фінансавыя паказчыкі, а не, напрыклад, аб'ёмы нарыхтоўкі або ўборкі тых ці іншых сельгаскультур. "Можна наогул нічога не ўбіраць, але каб былі грошы ў гаспадарках. Вось што галоўнае - эфектыўнасць гаспадарання. Вядома, без збожжа, кукурузы, якую вы вырошчваеце, без траў, сенажу, сіласу, жывёлагадоўлі не будзе грошай", - адзначыў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі