Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 красавіка 2018, 15:47

Лукашэнка: беларускія каналы павінны вяшчаць на ўласнай платформе

10 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларускія каналы павінны вяшчаць на ўласнай, а не замежнай платформе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Платформы гэтыя павінны быць беларускімі. Гэта не значыць, што мы дрэнна ставімся да Эрнста (генеральны дырэктар расійскага "Першага канала" Канстанцін Эрнст. - Заўвага БЕЛТА), не. Ён нармальны, творчы добры чалавек, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але гэта павінна быць наша".

У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў расійскія серыялы. Паводле яго слоў, многія з іх не вельмі добрай якасці, а круцяцца на беларускіх каналах. Прэзідэнт упэўнены, што тэлеканалы і рэжысёры ў Беларусі ў сілах самі здымаць добрыя тэлесерыялы і ставіць іх у эфір замест расійскіх.

Паводле слоў кіраўніка ЗАТ "Другі нацыянальны канал" Марата Маркава, АНТ у сваім эфіры выкарыстоўвае 46 працэнтаў айчыннага кантэнту, астатняя частка - расійская. "На сённяшні дзень павелічэнне ўласнага кантэнту ўсяго толькі на 1 працэнт на працягу года запатрабуе ад канала прыкладна $130 тыс. дадатковых сродкаў", - канстатаваў ён.

Марат Маркаў адзначыў, што імгненна нарасціць рэсурсы, каб поўнасцю забяспечыць эфір сваім кантэнтам, не атрымаецца. Выхад ён бачыць у падтрымцы тэлеканалаў спонсарамі ў пераходны перыяд. "Мы зможам на гэтыя грошы развіць гэту базу, якая на сённяшні дзень недастатковая - і чалавечая, і тэхнічная. Такая практыка існуе", - дадаў кіраўнік канала.

Прэзідэнт паабяцаў, што ў гэтым плане беларускім каналам акажуць падтрымку. "Я гатовы там, дзе трэба, падтрымаць сродкі масавай інфармацыі", - сказаў ён.

На базе расійскіх тэлеканалаў "Першы канал. Сусветная сетка" і "РэнТБ" у Беларусі былі створаны адпаведна АНТ і СТБ. Акцыянерамі ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" сталі Міністэрства інфармацыі, Беларусбанк, Фабрыка інфармацыйных тэхналогій. Акцыянерамі ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" - Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, кампанія "Космас ТБ", Мінскі аблвыканкам.

Акрамя канала СТБ ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" з'яўляецца заснавальнікам тэлепраграмы "Расія-Беларусь", якую можна ўбачыць на платформе "РТР-Планета".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі