Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 лістапада 2015, 14:10

БМЗ выпусціць валютныя аблігацыі на $240,5 млн

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі металургічны завод выпусціць валютныя аблігацыі на $240,5 млн. Гэта прадугледжана праектам указа, які прадставілі сёння Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка і генеральны дырэктар БМЗ Анатоль Савянок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Працэнтны даход па аблігацыях складзе да 8,5 працэнта гадавых, яны будуць выпушчаны тэрмінам на пяць гадоў. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў праект указа. Чакаецца, што ў бліжэйшым будучым дакумент будзе падпісаны.

Кіраўнік дзяржавы прадметна цікавіўся сітуацыяй на БМЗ, змяненнямі, якія адбыліся з моманту яго апошняга наведвання завода ў верасні гэтага года. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, будучы тады на прадпрыемстве, абяцаў вярнуцца да пытання функцыянавання БМЗ у плане вырашэння тут праблем.

Эмісія аблігацый, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прапанавана для таго, каб "аслабіць фінансавы прэс на прадпрыемства і атрымаць нейкую развязку існуючага фінансавага становішча". Прэзідэнт пацікавіўся, у якім напрамку трэба будзе дзейнічаць, якія ёсць насцярожанасці. Дамоўленасць па эмісіі аблігацый дасягнута з беларускімі банкамі. "Тут рызыкі меншыя. Гэта нашы банкі. Мы тут разбяромся, калі недзе дапусцілі памылку. Але, тым не менш, магчыма, такія пытанні будуць і ў далейшым узнікаць", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана Прэзідэнту, сітуацыя на знешніх рынках застаецца складанай. Тэмпы росту экспарту не спыніліся, у натуральным выражэнні гэты паказчык на БМЗ складае 111,3 працэнта за студзень-кастрычнік 2015 года да аналагічнага перыяду 2014-га. Пры гэтым у грашовым выражэнні тэмпы росту экспарту знізіліся да 78,8 працэнта. Падтрымаць аб'ём абаротных сродкаў плануецца ў тым ліку шляхам эмісіі аблігацый. Акрамя таго, так на заводзе разлічваюць атрымаць дапамогу ў абслугоўванні крэдытаў, узятых на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. У той жа час БМЗ удалося захаваць пазіцыі на рынках, у тым ліку Блізкага Усходу, Афрыкі. Прадпрыемства прадаўжае нарошчваць пастаўкі ў краіны Еўропы, ёсць дадатковыя напрацоўкі ў гэтым напрамку па ЗША.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі