4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праблема Нагорнага Карабаха можа быць вырашана выключна мірным шляхам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Заўтра чакаецца пасяджэнне Мінскай групы АБСЕ адносна нагорнакарабахскага ўрэгулявання. Тлумачачы пазіцыю Беларусі наконт гэтага пытання, Дзмітрый Мірончык нагадаў, што МЗС 2 красавіка зрабіла заяву ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі вакол Нагорнага Карабаха. Ключавая пазіцыя, з якой зыходзіць беларускі бок, - гэта заклік устрымлівацца ад прымянення сілы або пагрозы сілай у міжнародных адносінах, як гэта адлюстравана ў Статуце ААН і іншых аўтарытэтных міжнародна-прававых дакументах. "Па-ранейшаму ўпэўнены, што праблема Нагорнага Карабаха можа быць вырашана выключна мірным шляхам і толькі ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права", - адзначыў Дзмітрый Мірончык.
Што датычыцца заяў, якія прагучалі ў некаторых СМІ, аб аказанні Беларуссю ваеннай дапамогі аднаму з бакоў, то гэта абсалютныя чуткі, што не маюць пад сабой ніякіх падстаў, падкрэсліў ён. "Беларусь заўсёды гатова садзейнічаць пошуку мірнага ўрэгулявання канфлікту за сталом перагавораў. Аб ваенным вырашэнні або ваеннай дапамозе не можа быць і размовы", - сказаў прэс-сакратар МЗС.-0-