2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў накіраваўся з рабочым візітам у Кыргызстан, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар кіраўніка ўрада Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч.
Прэм'ер-міністр прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якое пройдзе ў Бішкеку 2-3 лістапада.
На пасяджэнні будуць абмеркаваны практычныя пытанні развіцця супрацоўніцтва ў ШАС. Асноўная ўвага будзе ўдзелена перспектывам развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння. Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне каля 10 дакументаў.
ШАС - гэта пастаянна дзеючая рэгіянальная міжнародная арганізацыя, членамі якой з'яўляюцца Кітай, Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан. Шэсць краін маюць статус дзяржавы-наглядальніка пры ШАС - Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан. Адносна Індыі і Пакістана кіраўнікі дзяржаў ШАС у ліпені 2015 года на Уфімскім саміце прынялі рашэнне аб пачатку працэдуры іх прыёму ў ШАС. У перспектыве на членства ў арганізацыі прэтэндуе Іран. Шэсць краін з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС - Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка.-0-