Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 студзеня 2017, 12:46

Беларусь выступае за развіццё СНД і прыняцце эфектыўных рашэнняў - Макей

12 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь выступае за далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў у Садружнасці Незалежных Дзяржаў і прыняцце рашэнняў, якія прынясуць канкрэтную аддачу. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей перад пачаткам пасяджэння Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь заўсёды выступала за тое, каб СНД развівалася і мацнела. Мы заўсёды падтрымлівалі развіццё інтэграцыйных працэсаў, - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - У Садружнасць сёння ўваходзяць каля дзесяці дзяржаў з рознымі інтарэсамі, знешнепалітычнымі і знешнеэканамічнымі мэтамі. Але тым не менш мы знайшлі сілы, каб разам вырашаць агульныя праблемы і выклікі, якія пастаянна ўзнікаюць".

Міністр выказаў думку, што 25 гадоў існавання СНД пацвярджаюць запатрабаванасць гэтай арганізацыі не проста як дыскусійнай пляцоўкі і месца для галаслоўных абмеркаванняў нейкіх пытанняў, а як месца, дзе выпрацоўваюцца канкрэтныя рашэнні, якія садзейнічаюць павышэнню дабрабыту краін і народаў.

На думку Уладзіміра Макея, важнейшая задача на бліжэйшую перспектыву - зрабіць СНД больш моцнай і запатрабаванай. Таму на сустрэчы Савета кіраўнікоў дзяржаў і было прынята рашэнне аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. "Мы павінны зрабіць шмат, каб узмацніць дзейнасць нашай арганізацыі, яе галіновых органаў, і зрабіць так, каб прымаемыя рашэнні прыносілі большую аддачу. Мы павінны аптымізаваць нашу структуру, дагаворна-прававую базу", - сказаў міністр. Ён таксама дадаў, што неабходна "скасаваць тыя дакументы, якія не працуюць, і пакінуць тыя, што прыносяць карысць".

Пры гэтым міністр падкрэсліў: "Беларусь ніколі не была і не стане магільшчыкам інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД". "Мы выступаем за тое, каб інтэграцыйныя працэсы развіваліся, умацоўваліся і прыносілі канкрэтную аддачу. Трэба менш займацца галаслоўнымі заявамі, а прымаць рашэнні, якія прыносяць канкрэтную аддачу ў дзейнасці СНД", - заявіў кіраўнік МЗС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі