Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
22 сакавіка 2017, 15:25
Аляксандр Шамко

У Гродне ў некалькі разоў узрасла колькасць арыентаваных на ўязны турызм турфірм

Аляксандр Шамко

Рост колькасці турфірм, якія займаюцца ўязным турызмам, лепш за ўсё сведчыць аб тым, што бязвізавы рэжым у Гродне працуе. Такое меркаванне журналістам у час рабочага візіту ў Гродна выказаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Відавочна, што вопыт стварэння бязвізавай зоны ў наваколлі Гродна будзе прызнаны паспяховым. Пацвярджаецца гэта перш за ўсё ростам колькасці замежных турыстаў. Больш за паўтара года таму ў Гродне са старшынёй аблвыканкама, яго намеснікамі абмяркоўвалі гэту ідэю, сышліся на думцы, што трэба пашыраць гэта пытанне. І сёння мы бачым самае галоўнае - рэзультат. Прычым турыстычны сезон яшчэ не пачаўся, а летам, пры правядзенні падзейных мерапрыемстваў, упэўнены, паток турыстаў яшчэ больш узрасце", - адзначыў Аляксандр Шамко. Ён падкрэсліў, што паказчыкам цікавасці да турыстычнага рынку выступае колькасць ігракоў на ім. Калі яшчэ некалькі гадоў таму ў Гродне ўязным турызмам займалася каля дзесяці фірм, то сёння на гэтай ніве дзейнічае больш за 70 прыватных кампаній.

"У Гродне створана добрая турыстычная інфраструктура, яна прадаўжае ўдасканальвацца. Гэта бясцэнны вопыт не толькі для рэгіёна, але і для ўсёй краіны ў цэлым", - падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што ў гэтым напрамку неабходна больш працаваць на міжрэгіянальным узроўні, знаходзіць агульныя інтарэсы з суседзямі, больш арганізоўваць падзейных мерапрыемстваў, якія прыцягваюць увагу.

"Па выніках года мы прааналізуем сітуацыю, калі спатрэбіцца, ініцыіруем змяненні на заканадаўчым узроўні для таго, каб пашырыць магчымасці і прыцягнуць як мага больш турыстаў. У канцы года можна будзе ўжо канкрэтна гаварыць аб магчымым пашырэнні зоны бязвізавага рэжыму, уключэнні ў работу новых пунктаў пропуску", - адзначыў Аляксандр Шамко. Ён падкрэсліў, што аналіз будзе грунтавацца не толькі на афіцыйнай статыстыцы, але і на водзывах тых, хто працуе ў турыстычнай сферы, а таксама саміх турыстаў.

Бязвізавы рэжым у парку "Аўгустоўскі канал", уключаючы Гродна і наваколле, дзейнічае з 26 кастрычніка. Без візы госці могуць уехаць на тэрмін да пяці сутак на тэрыторыю парку і прылеглыя населеныя пункты Гожскага, Капцёўскага, Адэльскага, Падлабенскага, Сапоцкінскага сельскіх саветаў Годзенскага раёна і горад Гродна. З канца кастрычніка 2016 года Гродна і наваколле наведалі звыш 6 тыс. бязвізавых турыстаў. Большасць з іх - грамадзяне Літвы. Таксама карыстаюцца папулярнасцю турыстычныя паездкі ў Гродна ў палякаў, латвійцаў і немцаў. Усяго ж Гродна з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму наведалі грамадзяне 32 краін свету.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі