Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 верасня 2016, 19:21
Юрый Ясінскі

Фінансавы сектар Беларусі ўстойлівы і здольны процістаяць існуючым рызыкам

Юрый Ясінскі
Прафесар кафедры дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Фінансавы сектар Беларусі ўстойлівы і здольны процістаяць існуючым рызыкам. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА прафесар кафедры дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Юрый Ясінскі, каменціруючы рэкамендацыі экспертаў Міжнароднага валютнага фонду аб неабходнасці прыняцця тэрміновых дадатковых мер па павышэнні фінансавай стабільнасці ў Беларусі.

"Урад і Нацыянальны банк паслядоўна праводзяць работу па ўмацаванні ўстойлівасці фінансавай сістэмы, забеспячэнні фінансавай стабільнасці, аптымізацыі магчымых рызык з улікам знешніх фактараў", - падкрэсліў эксперт.

Устойлівасць банкаўскага сектара даказала праведзеная нядаўна па ініцыятыве Нацбанка ацэнка якасці актываў беларускіх банкаў. Даследаванне сведчыць, што каэфіцыент дастатковасці капіталу знаходзіцца на дастатковым узроўні, каб паспяхова процістаяць магчымаму ўздзеянню негатыўных падзей. Грунтуючыся на атрыманых выніках, кіраўніцтва Нацбанка сумесна з камерцыйнымі банкамі працуе ўжо над прыняццем стратэгічных рашэнняў па аптымізацыі структуры актываў банкаў, удасканаленні патрабаванняў да сістэм кіравання банкаўскімі рызыкамі і ўнутранага кантролю. Гэтыя крокі павінны павысіць давер міжнародных крэдытораў і інвестараў да Беларусі.

Паводле слоў Юрыя Ясінскага, МВФ рэкамендуе Беларусі правесці сур'ёзныя рэформы ў рэальным сектары, накіраваныя ў тым ліку на рэструктурызацыю прадпрыемстваў. "Такая работа ў нашай краіне ўжо вядзецца: удасканальваюцца працэдуры санацыі і банкруцтва арганізацый, там, дзе гэта неабходна, звяртаюцца да дапамогі антыкрызісных кіраўнікоў, - адзначыў субяседнік. - Разам з тым МВФ чакае ад Беларусі, каб усе гэтыя працэсы ішлі хутчэй. Аднак спешка у гэтым выпадку не апраўдана. Рашэнні аб банкруцтве павінны быць узважанымі, бо за кожным такім прадпрыемствам стаіць працоўны калектыў".

Значная частка рэкамендацый фонду датычыцца праблемных крэдытаў, канкрэтных мер па іх скарачэнні. "МВФ адзначае, што рэальны сектар Беларусі спараджае рост праблемных даўгоў. У многім гэта абумоўлена неспрыяльнымі знешнімі ўмовамі, - лічыць прафесар. - Сёння дзяржава ацэньвае магчымыя шляхі вырашэння гэтай праблемы, вызначаючы кропкі развіцця рэальнага сектара эканомікі".

У цэлым, на думку эксперта, па асобных напрамках прымаемыя Беларуссю крокі супадаюць з агульнай канцэпцыяй рэкамендацый МВФ. "Разам з тым, пэўная частка гэтых рэкамендацый, у тым ліку па павышэнні пенсійнага ўзросту, павелічэнні кошту жыллёва-камунальных паслуг, з'яўляецца вельмі важнай для эканомікі і насельніцтва Беларусі і цяжка рэалізуемай неадкладна ў цяперашніх эканамічных умовах", - рэзюмаваў эксперт.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі