Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
19 ліпеня 2017, 13:51
Сяргей Осіпчык

Акцызы на моцны алкаголь у Беларусі неабходна павышаць

Сяргей Осіпчык
Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя

Акцызы на моцны алкаголь у Беларусі неабходна павышаць. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сённяшні момант актуальна змяненне акцызнай палітыкі ў частцы зніжэння акцызаў на піва і павелічэння акцызаў на моцны алкаголь, мацункам больш за 40 градусаў", - адзначыў нарколаг.

Паводле яго слоў, у асобных еўрапейскіх краінах, у прыватнасці ў Фінляндыі, суадносіны акцызаў на моцныя алкагольныя напіткі і піва складае 1 і 16, у Беларусі - 1 і 1,3. Гэтыя суадносіны ў краіне неабходна павялічыць да ўзроўню 1 і 5, лічыць эксперт. Мяккая акцызная палітыка адносна піва і больш строгая адносна моцнага алкаголю ў іншых дзяржавах прывяла да таго, што толькі 30 працэнтаў ад усяго аб'ёму спажывання алкагольных напіткаў займае моцнае спіртное, а 70 працэнтаў - піва. Гэта размеркаванне забяспечвае напаўненне бюджэту, але зніжае ўзровень спажывання моцных алкагольных напіткаў.

"Плануем выходзіць з прапановамі па невялікім павышэнні акцызаў штогод, умоўна кажучы, на 5 працэнтаў. Пры рэзкіх рухах ёсць негатыўныя наступствы. Так, у Францыі, калі рэзка павышалі акцыз больш як на 30 працэнтаў за год, то зніжаліся паступленні ў бюджэт", - адзначыў Сяргей Осіпчык.

Работа ў гэтым напрамку вядзецца сумесна з Міністэрствам фінансаў, павышэння акцызаў, паводле слоў спецыяліста, варта чакаць не раней, чым праз год.

Змяненне акцызнай палітыкі і абмежаванне даступнасці алкаголю - дзейсныя меры па прафілактыцы алкагалізму, якія садзейнічаюць змяненню культуры спажывання спіртных напіткаў, падкрэсліў намеснік дырэктара. Так, у краінах Скандынавіі моцнае спіртное прадаецца ў спецыялізаваных магазінах у пэўны час, а ў прадуктовых магазінах можна купіць толькі піва і слабаалкагольныя напіткі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі