Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 чэрвеня 2016, 12:32

Цэны на нафту ў сярэднетэрміновай перспектыве будуць вагацца вакол $50 за барэль - эксперт

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэны на нафту ў сярэднетэрміновай перспектыве будуць вагацца вакол $50 за барэль. Такое меркаванне выказаў сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА дырэктар ТАА "Альпары Еўразія" Аляксандр Сабодзін.

Эксперт звярнуў увагу, што з канца студзеня назіраўся даволі ўстойлівы рост кошту барэля нафты маркі Brent з $27 і амаль да $53 у пачатку чэрвеня. Але замацавацца на адзнацы вышэй за $50 чорнаму золату пакуль не ўдаецца. Ужо некалькі разоў цана перавышала гэты ўзровень, але тут жа ішла ўніз. Цяпер нафта зноў штурмуе ўзровень $50 за барэль.

"Тут назіраецца некаторая няўпэўненасць і нявызначанасць, таму што попыт на нафту ў свеце аднаўляецца вельмі марудна, і яшчэ да канца не зразумела сітуацыя са сланцавай галіной у ЗША, паколькі цана вышэйшая за $50 за барэль у любы момант можа даць штуршок для раскансервацыі свідравін і аднаўлення здабычы амаль у ранейшых аб'ёмах, - растлумачыў Аляксандр Сабодзін. - Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве кошт нафты будзе вагацца вакол гэтай круглай адзнакі, моцна ад яе не адхіляючыся ні ў адзін, ні ў другі бок".

Значная нявызначанасць захоўваецца таксама і ў цэнах на золата. "За чэрвень яны вагаліся ў шырокім дыяпазоне - ад $1,2 тыс. да $1,35 тыс. за тройскую унцыю, і далейшы рух цэн на золата будзе залежаць ад манетарнай палітыкі Федэральнай рэзервовай сістэмы і росту працэнтнай стаўкі, якую цяпер даволі складана прадказаць", - адзначыў дырэктар аналітык.

Кампанія "Альпары", заснаваная ў 1998 годзе, з'яўляецца буйнейшым форэкс-брокерам у Беларусі і СНД і адным з лідараў рынку Форэкс у свеце, што прапануе шырокі спектр інструментаў і сэрвісаў для інтэрнэт-трэйдынгу і інвесціравання. Цяпер у "Альпары" адкрыта больш за 80 офісаў па ўсім свеце, а кампаніі брэнда абслугоўваюць больш як мільён кліентаў са 150 краін. У 2015 годзе сярэднямесячны аб'ём таргоў "Альпары" ў Беларусі і іншых краінах свету перасягнуў $90 млрд. Офіс афіцыйнага партнёра "Альпары" адкрыўся ў Мінску ў ліпені 2010 года. У ходзе падрыхтоўкі да дзейнасці ў новым прававым полі Беларусі ў якасці форэкс-брокера міжнародны брэнд 19 красавіка 2016 года зарэгістраваў кампанію "Альпары Еўразія". 23 чэрвеня 2016 года "Альпары Еўразія" ўключана ў рэестр форэкс-кампаній Нацыянальнага банка Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі