Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 снежня 2016, 15:00

Сістэма спагнання маёмасных падаткаў у Беларусі будзе ўдасканалена

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сістэма спагнання маёмасных падаткаў у Беларусі будзе ўдасканалена, заявіла сёння намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая на міжнароднай канферэнцыі "Масавае фарміраванне і масавая ацэнка нерухомай маёмасці", якая праходзіць у Мінску 8-9 снежня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На працягу апошніх пяці гадоў мы даволі актыўна займаемся ўдасканаленнем падатковай сістэмы. Можна сказаць, праводзіцца падатковая рэформа. Асноўныя падаткі - падатак на прыбытак, ПДВ, падаходны падатак - дастаткова ўдасканалены з той мэтай, каб яны не з'яўляліся перашкодай для развіцця дзелавой актыўнасці ў краіне, - адзначыла Эла Сяліцкая. - Цяпер мы падышлі да тэматыкі ўдасканалення маёмасных падаткаў. У краіне праведзены пілотны праект ("Масавае фарміраванне і кадастравая ацэнка нерухомай маёмасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці і Савецкага раёна Мінска". - Заўвага БЕЛТА). Мы бачым, што вынікі, якія мы атрымалі, могуць стаць асновай для таго, каб маёмасныя падаткі спаганяліся са справядлівага кошту".

Значнасць правядзення пілотнага праекта адзначыў і намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вячаслаў Абрамаў. "Пытанні новых тэхналогій, удасканалення інструментаў масавай ацэнкі, выпрацоўкі інструментаў масавага фарміравання аб'ектаў нерухомай маёмасці - напрамкі, якія сёння актыўна развіваюцца Дзяржкаммаёмасці", - сказаў ён.

У сваю чаргу намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч падкрэсліў значнасць плённага супрацоўніцтва Беларусі і Швецыі ў сферы ўдасканалення сістэмы кіравання зямельнымі рэсурсамі і гарадскім развіццём. Ён канстатаваў, што цяпер на першы план выходзіць пытанне правоў на развіццё зямельнага ўчастка. "Гэта становіцца галоўным маторам паспяховага бізнесу ў населеных пунктах. Таму мы актыўна ўвязваем пытанні гарадскога планавання, дзе правы на развіццё разглядаюцца, з зямельнымі рэсурсамі", - адзначыў намеснік міністра.

Сёння ў Мінску праходзіць міжнародная канферэнцыя "Масавае фарміраванне і масавая ацэнка нерухомай маёмасці". На мерапрыемстве адбылася прэзентацыя беларуска-шведскага праекта "Удасканаленне сістэмы кіравання зямельнымі рэсурсамі і гарадскім развіццём у Рэспубліцы Беларусь з выкарыстаннем сучасных метадаў і тэхналогій", а таксама падведзены вынікі пілотнага праекта "Масавае фарміраванне і кадастравая ацэнка нерухомай маёмасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці і Савецкага раёна Мінска".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі