Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 сакавіка 2017, 17:35

Пытанне аб увядзенні адзінай валюты ў ЕАЭС не разглядаецца - ЕЭК

28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўразійская эканамічная камісія не лічыць неабходным ініцыіраваць увядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Аб гэтым сёння на відэаканферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла член Калегіі (міністр) па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Таццяна Валавая.

"На цяперашнім этапе ад увядзення адзінай валюты мы нічога не выйграем. Калі ў 2017 годзе пачнём яе ўводзіць, то атрымаем больш выдаткаў, чым пераваг", - адзначыла міністр.

Цяпер, на яе думку, трэба гаварыць не аб увядзенні адзінай валюты ў ЕАЭС, а неабходнасці паглыблення супрацоўніцтва ў валютна-фінансавай і макраэканамічнай сферах. Гэта будзе дасягнута за кошт павышэння макраэканамічнай стабільнасці, змяншэння вагання валютных курсаў, больш прадказальных валютных палітык краін-удзельніц.

Больш важным пытаннем Таццяна Валавая лічыць пашырэнне выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі. "Мы цяпер вядзём гэту работу, прычым статыстыка ў такім напрамку нядрэнная", - заўважыла яна. Так, у 2015-2016 гадах у гандлі Расіі, Беларусі і Казахстана істотна ўзрасла роля нацыянальных валют. У значнай ступені выкарыстоўваецца расійскі рубель, чым амерыканскі долар. Але адносна Кыргызстана і Арменіі, Кыргызстана і Казахстана ў асноўным пакуль выкарыстоўваецца валюта трэціх краін.

"Мы стварылі рабочую групу, у рамках якой праводзім вялікую эфектыўную работу з бізнес-супольнасцю і цэнтральнымі банкамі, каб ідэнтыфікаваць магчымыя перашкоды для больш шырокага выкарыстання нацыянальных валют, даведацца, ці ёсць для гэтага юрыдычныя перашкоды. Першы аналіз паказвае, што ніякіх перашкод няма", - праінфармавала член калегіі.

Гаворачы аб тым, якія стымулы неабходна стварыць пастаўшчыкам і пакупнікам для пераходу на больш шырокае выкарыстанне нацвалют, Таццяна Валавая адзначыла вельмі актыўную работу з бізнесам, экспертамі, якая праводзіцца ЕЭК. "Спадзяёмся, што да сярэдзіны гэтага года ў рамках аднаго з фінансавых форумаў прадставім даследаванне рабочай групы. Як эксперт магу яшчэ раз падкрэсліць, што адзіная валюта нам не патрэбна, але інтэграцыя ў валютна-фінансавай сферы неабходна, чаго мы і збіраемся дабіцца", - рэзюмавала міністр па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі