Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 мая 2016, 12:21

Мясніковіч: сумесных эканамічных праектаў Беларусі і Кубы відавочна недастаткова

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесных эканамічных праектаў Беларусі і Кубы відавочна недастаткова. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Мясніковіч вітаў кубінскага госця ў сценах беларускага парламента. Ён заявіў, што Беларусь заўсёды была і застаецца актыўным прыхільнікам падтрымкі Кубы на міжнароднай арэне і развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. "Кіраўніцтва Кубы можа быць у гэтым упэўнена", - падкрэсліў ён. Між тым ключавым пытаннем з'яўляецца нарошчванне эканамічнага супрацоўніцтва. Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, сумесных эканамічных праектаў відавочна недастаткова. "У многім гэта стрымліваецца праблемамі плацежаздольнасці прадпрыемстваў Кубы і дэфіцытам плацежнага балансу Беларусі. У сувязі з гэтым неабходна разам прыцягваць знешнія інвестыцыі, шукаць фінансавыя схемы супрацоўніцтва. Наша краіна, напрыклад, імкнецца развіваць малы і сярэдні бізнес, прыватызацыю дзяржуласнасці, працаваць з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе", - расказаў ён.

Беларускі бок адкрыты для дыялогу і гатовы ўважліва паставіцца да пажаданняў і прапаноў кубінскіх партнёраў, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ён адзначыў актыўную работу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кубы ў Беларусі Херарда Суарэса Альварэса, які, паводле ацэнкі старшыні Савета Рэспублікі, дастойна прадстаўляе інтарэсы сваёй краіны.

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, які прымаў удзел у перагаворах, выказаў словы ўдзячнасці за цёплыя і дружалюбныя адносіны, якія склаліся паміж Беларуссю і Кубай. Паводле яго слоў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што курс Беларусі на ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Кубай з'яўляецца нязменным, прычым важная роля ў гэтым пытанні належыць менавіта парламентарыям. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў плённае двухбаковае супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, арганізацыях сістэмы ААН, у Міжпарламенцкім саюзе, дзе бакі маюць магчымасць сустракацца і абменьвацца думкамі.

Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў, Беларусь традыцыйна падтрымлівае так званую Кубінскую рэзалюцыю аб неабходнасці спынення эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады з боку ЗША адносна Кубы. "Наконт гэтага наша рабочая група па супрацоўніцтве з вашым парламентам пастаянна прымае заявы, - заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. - І нам прыемна, што пачаўся працэс нармалізацыі адносін паміж Кубай і ЗША".

Уладзімір Андрэйчанка перадаў словы прывітання старшыні Нацыянальнай асамблеі народнай улады (парламента) Рэспублікі Куба Эстэбану Ласа Эрнандэсу і падзякаваў за запрашэнне, якое паступіла ў яго адрас, наведаць гэту краіну. Спікер прызнаўся, што з-за занятасці не змог ажыццявіць гэты візіт, аднак запэўніў, што перадасць адпаведныя дакументы новаму скліканню парламента, таму гэта пытанне з парадку дня не знімаецца.

Мігель Марыа Дыас-Канель Бермудэс выказаў меркаванне, што дзве краіны цяпер перажываюць важны перыяд ва ўзаемаадносінах, якія з'яўляюцца стратэгічнымі і ўзаемавыгаднымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі