Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 лютага 2016, 13:17

Мінгандаль: беларускія аптовыя базы будуць прадаваць тое, што трэба ІП

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія аптовыя базы будуць прадаваць тое, што трэба індывідуальным прадпрымальнікам. Аб гэтым заявіла сёння журналістам начальнік упраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Мінгандлю Святлана Гусева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе пастаўкі на спажывецкі рынак дыктуюцца пакупніцкім попытам. У першую чаргу ўлічваецца гэты фактар. Што трэба пакупнікам, то і будуць прадаваць аптовыя базы. Пакуль яны ў асноўным арыентаваны на работу з айчыннымі вытворцамі, але паступова асвойваюць рэгіёны блізкага і далёкага замежжа", - расказала Святлана Гусева. Яна ўдакладніла, што ў выпадку з замежнымі краінамі размова ідзе ў асноўным аб таварах, прывезеных з Польшчы, Расіі, Украіны.

Спецыяліст праінфармавала, што ў 2015 годзе аптовымі арганізацыямі Міністэрства гандлю было заключана больш за 14,5 тыс. дагавораў з ІП на пастаўку тавараў. Адгружана тавараў больш як на Br1 трлн, выканана 124,5 тыс. заявак. "Пазітыўны вынік ёсць, таму што аб'ёмы паставак у параўнанні з 2014 годам павялічыліся амаль на 30 працэнтаў. У бягучым годзе работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца", - запэўніла яна.

Гаворачы аб рабоце з ІП па выніках студзеня 2016 года, начальнік упраўлення адзначыла, што ў цэлым студзень лічыцца не вельмі ўдалым месяцам для гандлю. "Тым не менш дагаворы, якія былі заключаны ў мінулым годзе і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і суб'ектамі малога бізнесу ў большасці на бягучы год пралангуюцца. У аптовых арганізацый ужо існуе партфель, дзе ёсць амаль 13 тыс. дагавораў, - сказала яна. - На спажывецкі рынак у студзені пастаўлена тавараў на Br74 млрд, гэта прыкладна 140 працэнтаў да ўзроўню студзеня мінулага года, інакш кажучы дадатная дынаміка назіраецца".

Пры гэтым у агульных аб'ёмах паставак у студзені нехарчовыя тавары займаюць прыкладна адну пятую частку (на суму амаль Br14 млрд), што складае амаль 103 працэнты да аналагічнага месяца мінулага года.

У сваю чаргу начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Віялета Бразоўская расказала, што сітуацыя з запаўняльнасцю гандлёвых цэнтраў і рынкаў па краіне паступова паляпшаецца. "У сярэднім запаўняльнасць гандлёвых цэнтраў складае больш за 65 працэнтаў, па рынках гэты паказчык меншы, хоць, калі браць асобныя вобласці (Гомельскую, Магілёўскую, Мінскую), там гандлёвыя месцы на рынках запоўнены больш як на 50 працэнтаў", - паведаміла яна.

Віялета Бразоўская таксама звярнула ўвагу, што асноўная задача Мінгандлю - забяспечыць прадпрымальнікаў адпаведнымі таварамі, каб яны маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць. "Для гэтага была арганізавана работа прадпрыемства "Знешэканамсэрвіс", якое непасрэдна з-за мяжы пастаўляе тавары, у тым ліку легпрама, з усімі суправаджальнымі дакументамі. Пастаўкі ажыццяўляюцца непасрэдна ад тых прадаўцоў, якіх указваюць самі прадпрымальнікі. Ідзе індывідуальны заказ тавараў, адсочваецца неабходны для іх асартымент", - падкрэсліла прадстаўнік ведамства.

Паводле яе слоў, з улікам мытнай ачысткі і неабходных плацяжоў кошт тавару, які прывозіцца праз прадпрыемства, будзе крыху вышэйшы для ІП. "Але гэта звычайная практыка, звязаная з затратамі пасрэдніка. Пры гэтым прадпрымальніку гарантуецца легальнасць тавару, - заўважыла Віялета Бразоўская. - Любы тавар, які набывае спажывец, павінен быць якасным. Мы не можам дазволіць ажыццяўляць гандаль без адпаведных дакументаў аб якасці і бяспецы. Гэта сусветная практыка".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі