Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 лістапада 2017, 15:50

Мінэканомікі і МПЗ распрацоўваюць сістэму ацэнкі рызык бізнесу

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая сістэма ацэнкі рызык бізнесу распрацоўваецца ў Беларусі, яна стане асновай для вызначэння суб'ектаў, якія падпадаюць пад выбарачныя праверкі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Дэкрэтам нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" зроблены пачатковыя захады для таго, каб палепшыць дзелавы клімат у Беларусі, падкрэсліла віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль. Каб прыняты дакумент стаў не проста дэкларацыяй, а дзейсным механізмам, трэба прайсці яшчэ вялікі шлях.

"Цяпер мы пад кіраўніцтвам МПЗ распрацоўваем новую сістэму ацэнкі рызык, на падставе якой будуць вызначацца тыя суб'екты, якія трапяць пад выбарачныя праверкі. Гэта работа практычна завершана", - сказаў Дзмітрый Матусевіч.

Таксама ён адзначыў, што для прымянення магчымасцей работы па паведамляльным прынцыпе, якія адкрыліся, урад спачатку павінен распрацаваць формы паведамлення, парадак іх накіравання ў выканкамы і рэгістрацыі. "Гэта павінна быць праведзена на працягу 3 месяцаў. Пасля зацвярджэння гэтых форм прадпрымальнік будзе запаўняць іх і накіроўваць у выканаўчы орган. І калі від дзейнасці не патрабуе атрымання нейкіх дадатковых ліцэнзій, з наступнага дня, незалежна ад таго, ці ўключаны ён у рэестр, ён можа пачынаць працаваць", - адзначыў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Ігар Фамін. Дзмітрый Матусевіч пацвердзіў, што эканамічнага эфекту ад новага дакумента не трэба чакаць, "пакуль не распрацуюцца ўсе правілы гульні, а гэта мінімум тры месяцы".

"Мэта такая, каб да 2020 года 40 працэнтаў валавой дабаўленай вартасці ў краіне выраблялася малым і сярэднім бізнесам. Гэта вельмі амбіцыйная задача", - рэзюмаваў Дзмітрый Матусевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі