Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2017, 15:21

МАЗ плануе штогод прадаваць у В'етнаме грузавікі на суму больш як $40 млн

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтамабільны завод плануе штогод прадаваць у В'етнаме грузавікі на суму больш як $40 млн, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Кацярыніч у час наведвання МАЗа ўрадавай дэлегацыяй В'етнама на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Фам Бінь Мінем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

ААТ "МАЗ" праводзіць работу па стварэнні ў В'етнаме двух сумесных прадпрыемстваў па прамысловай зборцы грузавой (СП "МАЗ Азія") і пасажырскай (СП "МАЗ Зеніт") тэхнікі. Завод па вытворчасці грузавікоў МАЗ будуюць за 40 км ад Ханоя, яго плануецца запусціць да канца года. Стварэнне сумеснага прадпрыемства па зборцы аўтобусаў пакуль у перспектыве. "Нам удалося стварыць у В'етнаме сумеснае прадпрыемства па зборцы грузавікоў, завод будуецца, вытворчасць у хуткім часе будзе запушчана. Мы вывучылі рынак і разам з нашым в'етнамскім партнёрам выбралі менавіта тыя мадэлі тэхнікі, якія неабходны гэтаму рынку. У В'етнаме ўведзены новы стандарт, які патрабаваў змяніць габарыты нашай тэхнікі, а таксама нагрузку на вось. Таму мы распрацавалі спецыяльна для В'етнама і рынку Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) новыя мадэлі тэхнікі і ўдасканалілі дызайн. У будучым плануецца збіраць штогод амаль 1 тыс. аўтамабіляў у год на суму больш як $40 млн - і гэта толькі для в'етнамскага рынку, а плануюцца і пастаўкі на рынак АСЕАН", - сказаў Дзмітрый Кацярыніч.

У сваю чаргу намеснік прэм'ер-міністра В'етнама звярнуў увагу на высокую якасць тэхнікі МАЗ. "Асабліва нам падабаюцца тыя мадэлі, якія адаптаваны да в'етнамскіх умоў - маленькія трактары і аўтобусы. Мы вельмі рады таму, што МАЗ стварае сумеснае прадпрыемства ў В'етнаме. Гэта яркі прыклад нашага супрацоўніцтва, гэта карысна і ўзаемавыгадна", - падкрэсліў ён. Вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ у В'етнаме лакалізуюць на 40 працэнтаў да 2020 года за кошт мясцовых камплектуючых. Гэта дасць магчымасць бяспошлінна прадаваць грузавікі ў краінах АСЕАН.

Абмяркоўваецца і пытанне стварэння другога сумеснага прадпрыемства - па вытворчасці аўтобусаў. "Учора мы знялі ўсе пытанні, якія стрымлівалі стварэнне гэтага прадпрыемства. І ў бліжэйшы час, спадзяюся, мы падпішам пагадненне аб стварэнні другой сумеснай зборачнай вытворчасці. Мы будзем вырабляць аўтобусы вялікай умяшчальнасці, нізкападлогавыя, спецыяльна для вялікіх гарадоў. Вывучыўшы сітуацыю, мы прынялі рашэнне, што кожны год можам пастаўляць на в'етнамскі рынак амаль 500 аўтобусаў такога класа - гэта больш як $50 млн у год", - адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства.

27 чэрвеня быў падпісаны кантракт на пастаўку ў В'етнам 400 адзінак тэхнікі МАЗ (200 грузавікоў і 200 машынакамплектаў) на суму $18,1 млн. "Акрамя таго, мы атрымалі квоту на пастаўку без пошлін 750 сабраных аўтамабіляў на працягу трох гадоў. Таксама на працягу пяці гадоў мы можам паставіць 4 тыс. машынакамплектаў без пошлін. Я лічу, гэта вялікая прэферэнцыя для МАЗа з боку В'етнама, звязаная з тым, што мы стварылі сумеснае прадпрыемства", - дадаў Дзмітрый Кацярыніч.

У час візіту членам дэлегацыі В'етнама быў прадстаўлены мадэльны рад камерцыйнай тэхнікі МАЗ, а таксама прадукцыя прадпрыемства, плануемая для паставак і далейшай лакалізацыі ў В'етнаме. Акрамя таго, гасцям была прадстаўлена тэхніка іншых беларускіх прадпрыемстваў - Мінскага трактарнага завода, Мінскага маторнага завода, ААТ "Амкадор", "Мотавела", "Гомсельмаш".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі