Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лютага 2017, 17:53

МАРГ працуе над лібералізацыяй умоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні - Калтовіч

14 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю працуе над лібералізацыяй умоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні. Аб гэтым па выніках праведзенай у Прэзідэнта Беларусі нарады па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу расказаў журналістам кіраўнік МАРГ Уладзімір Калтовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па сутнасці, сённяшняя нарада - адна з частак паслядоўнай работы кіраўніцтва краіны па развіцці рыначнай эканомікі", - заявіў міністр.

Паводле яго слоў, пры стварэнні МАРГ адной з асноўных задач ставілася развіццё ў Беларусі раўнапраўнай добрасумленнай канкурэнцыі, дзе перад законам роўныя ўсе формы ўласнасці. "У сувязі з гэтым яшчэ ў мінулым годзе пры міністэрстве была створана рабочая група, якая асноўнай мэтай сваёй дзейнасці ставіла лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні. У выніку былі значна скарочаны працэдуры, спрошчаны правілы вядзення бізнесу", - адзначыў Уладзімір Калтовіч.

Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і пры актыўным удзеле бізнес-супольнасці распрацаваны новыя санітарныя нормы і правілы. "З 300 пунктаў пакінулі толькі 170. Група прадоўжыць работу і ў частцы будаўнічых норм і правіл, якія датычацца зон адказнасці МНС", - сказаў міністр.

Акрамя таго, МАРГ прапануе пры выяўленні фактаў нядобрасумленнай канкурэнцыі не прыцягваць да адказнасці суб'ект, які парушыў закон, калі ён ліквідуе прычыну выяўленай нядобрасумленнай канкурэнцыі. Штрафныя санкцыі будуць прымяняцца толькі ў выпадку выяўлення паўторнага парушэння.

Абмяркоўваюцца таксама пытанні вядзення бізнесу ў малых гарадах у напрамку спрашчэння дзеючых працэдур. Асноўная мэта - разняволенне ініцыятывы і развіццё самазанятасці. У якасці паспяховага прыкладу міністр прывёў сферу аграэкатурызму, якая дзякуючы прынятым стымулюючым мерам зведала бурнае развіццё за апошнія некалькі гадоў. "Мы прапанавалі ўсё, што за кальцавой дарогай, па максімальным коле пытанняў прыраўнаваць да ўмоў вядзення бізнесу, як у аграэкатурызме. Напрыклад, прыдарожны сэрвіс, каб чалавек мог з найменшымі затратамі ўвайсці ў гэты бізнес, развіваць яго і спакойна працаваць", - сказаў ён .

Уладзімір Калтовіч закрануў і работу гандлёвай інспекцыі. "Мы прапанавалі выключыць у рамках даручэнняў дубліраванне. Мы выключаем са сваіх праверак пытанні, што датычацца санітарных норм, тэхнічных стандартаў. Гандлёвая інспекцыя будзе, па сутнасці, перафармаціравана. Асноўныя пытанні, якімі яна будзе займацца, - гэта пытанні цэнавых згавораў, навязвання паслуг, гэта значыць работа з суб'ектамі ў частцы выканання антыманапольнага заканадаўства", - заявіў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі