Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 красавіка 2018, 17:46

Кабякоў патрабуе больш актыўнага вырашэння задач па дыверсіфікацыі экспарту і развіцці паслуг

10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў патрабуе больш актыўнага вырашэння задач па дыверсіфікацыі экспарту і развіцці паслуг. Адпаведнае даручэнне кіраўнік урада даў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваецца ход рэалізацыі Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што пэўныя станоўчыя вынікі ў экспарце на гэтым этапе дасягнуты. У 2017 годзе і пачатку 2018-га экспарт упершыню з 2012 года выйшаў на траекторыю ўстойлівага росту. У студзені-лютым 2018 года ён вырас на 29,8 працэнта да $6,185 млрд, забяспечана дадатнае знешнегандлёвае сальда ў памеры $206 млн.

Экспарт тавараў павялічыўся як за кошт росту сярэдніх цэн, так і ў фізічным выражэнні. Атрыманыя вынікі адпавядаюць параметрам, зацверджаным пяцігадовай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. "Гэтаму садзейнічала і спрыяльная кан'юнктура на сыравінным рынку і на рынках краін асноўных гандлёвых партнёраў. Разам з тым не ўсе задачы, прадугледжаныя нацыянальнай праграмай, вырашаны, перш за ўсё ў частцы геаграфічнай дыверсіфікацыі і развіцця экспарту паслуг", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Што датычыцца дыверсіфікацыі, то канцэнтрацыя экспарту на рынках пяці краін - асноўных гандлёвых партнёраў застаецца вышэйшай за сярэднюю. У студзені-лютым 2018 года на рынкі гэтых краін прыпадала амаль 71 працэнт экспарту, хоць залежнасць ад рынку Расіі знізілася. У студзені-лютым 2018 года, нягледзячы на агульны рост экспарту ў Расію амаль на $200 млн, удзельная вага экспарту ў гэту краіну склала 38,2 працэнта (зменшылася на 7 працэнтных пунктаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Гаворачы аб таварнай дыверсіфікацыі на прыкладзе экспарту ў Еўрапейскі саюз, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што Беларусь пастаўляе ў ЕС даволі вузкую гаму тавараў, значную долю (каля 50 працэнтаў) займаюць прадукты нафтаперапрацоўкі. "Высокая канцэнтрацыя на рынак адной ці некалькіх краін або на вузкай гаме тавараў фарміруе для нашай краіны значныя рызыкі. Гэтыя рызыкі неабходна мінімізаваць", - падкрэсліў кіраўнік урада.

На думку прэм'ер-міністра, значны патэнцыял мае экспарт паслуг. Нацыянальнай праграмай падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады ўстаноўлена, што ў гэтым годзе экспарт паслуг у агульным аб'ёме павінен скласці не менш як 23 працэнты. У 2017 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 21,4 працэнта, у студзені-лютым 2018-га - толькі 19,4 працэнта. Асноўная доля ў экспарце паслуг у 2017 годзе прыпадала на транспартныя (44,4 працэнта ад агульнага аб'ёму). Доля камунікацыйных, камп'ютарных, інфармацыйных паслуг у экспарце склала амаль 19 працэнтаў. Таму сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна абмяркоўваецца, як будуць павялічвацца аб'ёмы экспарту іншых відаў паслуг - турыстычных, адукацыйных, медыцынскіх і іншых. "Гэтыя пытанні разгледзім дэталёва. Прашу далажыць, якія меры прымаюцца па нарошчванні экспарту паслуг, якія праблемы стрымліваюць развіццё і якія прапановы па іх вырашэнні. Прашу МЗС не самаўхіляцца, а забяспечыць каардынацыю гэтых пытанняў", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Як растлумачыў журналістам першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, у Беларусі з самага пачатку ставілі задачу апераджальнага тэмпу экспарту паслуг у параўнанні з экспартам тавараў. Аднак гэтага пакуль не адбываецца, таму цяпер абмяркоўваецца, як актывізаваць экспарт паслуг - асабліва банкаўскіх, страхавых, адукацыйных, турыстычных, удакладніў першы намеснік міністра.

У студзені-лютым 2018 года найбольш прыкметным быў рост экспарту на рынкі краін Еўрасаюза (на 30 працэнтаў). Пастаўкі ў Расію, іншыя краіны СНД і далёкага замежжа таксама выраслі, расказаў Андрэй Еўдачэнка. "Разам з тым экспарт - такая справа, якую нельга ніколі пакідаць без нагляду. Таму ў нас сёння планавае мерапрыемства - разгляд, як рэалізуецца нацыянальная праграма развіцця экспарту. Яна разлічана на 5 гадоў, цяпер мы прыкладна ў сярэдзіне шляху, і вельмі важна зверыць гадзіннікі, каб ведаць, што рабіць у будучы перыяд да 2020 года", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі