Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 лютага 2018, 16:11

Электронную сістэму ўліку драўніны плануецца ўкараніць у Беларусі з 1 студзеня 2020 года

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Электронную сістэму ўліку драўніны плануецца ўкараніць у Беларусі з 1 студзеня 2020 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік у час выстаўкі-кірмашу "Паляванне і рыбалоўства. Вясна-2018".

"Для ўзмацнення кантролю за рэалізацыяй лесапрадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках у першую чаргу трэба паскорыць укараненне сістэмы электроннага ўліку драўніны. Яна дасць магчымасць зрабіць празрыстым увесь ланцужок ад нарыхтоўкі да паставак драўніны. Гэта сістэма ўжо распрацавана, і яе макет адпрацоўваецца ў трох лясгасах. Мы планавалі ўкараніць яе з 1 студзеня 2021 года, але цяпер прынята рашэнне паскорыць гэты працэс на год і ўвесці сістэму электроннага ўліку з 1 студзеня 2020 года", - сказаў Аляксандр Кулік.

Выстаўка-кірмаш "Паляванне і рыбалоўства. Вясна-2018" праходзіць з 28 лютага па 3 сакавіка ў гандлёва-лагістычным цэнтры "Глобус Парк" у Мінскім раёне. Адным з арганізатараў традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі. Свае прапановы па правядзенні паляўнічых і экалагічных тураў падрыхтавалі УП "Белдзяржпаляванне" і рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Налібоцкі".

На выстаўцы-кірмашы запланаваны тэматычныя семінары. Спецыялісты ў час правядзення форуму абмяркуюць арганізацыю і правядзенне палявання на ваўка, лася і аленя высакароднага. Будуць арганізаваны адкрыты конкурс вабільшчыкаў аленя высакароднага, спаборніцтвы па стральбе з лука па аб'ёмных фігурах паляўнічых жывёл. Госці мерапрыемства змогуць ацаніць паляўнічую кухню (стравы з бабра, шурпа, юшка, алень на пожагу і інш.), наведаць выстаўку экзатычных паляўнічых трафеяў, набыць пуцёўку на вясенні сезон палявання на вадаплаўную дзічыну і вальдшнэпа. Будуць арганізаваны конкурсы, прэзентацыі, продажы аксесуараў, адзення і амуніцыі для паляўнічых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі