17 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) зацвердзіла пералік прадукцыі, у адносінах да якой падача мытнай дэкларацыі суправаджаецца прадстаўленнем дакумента аб ацэнцы адпаведнасці тэхрэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза "Аб абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электратэхнікі і радыёэлектронікі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.
"У дакуменце вялікі спіс найменняў тавараў, уключаючы шырока распаўсюджаныя ў быце халадзільнікі, электрапліты, кававаркі, мікрахвалевыя печы, пральныя машыны, прасы, пыласосы, тэлевізары, камп'ютары, тэлефоны, электраінструмент, электралямпы і г.д. Гэтыя тавары будуць суправаджацца дэкларацыяй аб іх адпаведнасці патрабаванням саюзнага тэхрэгламенту", - адзначылі ў ЕЭК.
Зацверджаны таксама пералік прадукцыі, у адносінах да якой падача мытнай дэкларацыі суправаджаецца прадстаўленнем дакумента аб ацэнцы адпаведнасці тэхрэгламенту ЕАЭС "Аб бяспецы асобных відаў спецыялізаванай харчовай прадукцыі, у тым ліку дыетычнага лячэбнага і дыетычнага прафілактычнага харчавання".
"У раздзел пераліку для харчавання спартсменаў, у прыватнасці, уключаны бялковыя і вугляводныя сумесі, малочныя бялкі, амінакіслоты, вітамінна-мінеральныя комплексы, - растлумачылі ў ЕЭК. - У раздзел аб прадукцыі для харчавання цяжарных і кормячых жанчын - малако, вяршкі, сыры, тварог, кашы на малочна-зерневай аснове, малочная сыроватка і шэраг іншых прадуктаў. Прадпрымальнікі павінны будуць прад'явіць мытным органам пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі гэтых тавараў або звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў адзіным рэестры. Гэта неабходна для больш эфектыўнага кантролю бяспекі і абарачэння спецыялізаваных прадуктаў".-0-