Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2018, 12:50

Беларусь разлічвае на супрацоўніцтва з ЕС для развіцця лічбавай эканомікі

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на супрацоўніцтва з ЕС для развіцця лічбавай эканомікі. Аб гэтым сёння заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на сустрэчы з дэлегацыяй паслоў па асаблівых даручэннях краін Еўрапейскага саюза па справах "Усходняга партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У краіне надаецца вялікае значэнне развіццю ІТ-тэхналогій, у канцы 2017 года быў прыняты дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. "Мы вельмі разлічваем на супрацоўніцтва з краінамі Еўрасаюза, якія маюць добрыя пазіцыі ў плане лічбавай эканомікі, - сказаў віцэ-спікер. - Вельмі хацелася б, каб краіны, такія як Беларусь, з пераходнай эканомікай, у самы кароткі тэрмін рэалізавалі ў сябе вопыт, які маюць еўрапейцы".

Баляслаў Пірштук праінфармаваў, што Беларусь рыхтуе на сесію ПА АБСЕ ў Берліне рэзалюцыю аб развіцці лічбавай эканомікі. Дакумент нацэлены ў тым ліку на ўзмацненне эканамічнага складніка ў адносінах краін рэгіёна АБСЕ.

Развіццё адносін з ЕС - адзін са стратэгічных напрамкаў для Беларусі. У час сустрэчы ён падрабязна спыніўся на эканамічным вектары. Баляслаў Пірштук адзначыў, што тавараабарот Беларусі з краінамі ЕС вырас практычна на 30 працэнтаў. Віцэ-спікер падкрэсліў, што гэта добры сігнал, які служыць пацвярджэннем, што супрацоўніцтва развіваецца ў правільным напрамку. Гаворачы пра перспектывы, Баляслаў Пірштук абазначыў зацікаўленасць Беларусі ў еўрапейскіх тэхналогіях і інвестыцыях. У тым ліку на заканадаўчым узроўні ў краіне прымаюцца меры для стварэння спрыяльных умоў для інвестараў.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі і Еўрасаюза даволі шмат праектаў, якія знаходзяцца ў прапрацоўцы. Беларускі бок зацікаўлены ў павелічэнні іх колькасці і паскарэнні тэрмінаў рэалізацыі.

Жаданне дыпламатаў наведаць беларускі парламент тут расцэньваюць як добры, пазітыўны момант. "У нас, мне здаецца, ёсць аб чым пагаварыць", - упэўнены Баляслаў Пірштук.

У час сустрэчы з дыпламатамі ён прапанаваў абмеркаваць сучасныя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаюцца ў тым ліку краіны ЕС. Віцэ-спікер нагадаў пра ініцыятыву Прэзідэнта Беларусі "Хельсінкі-2", якая прызначана дапамагчы рушыць наперад у вырашэнні гэтых праблем.

У сваю чаргу пасол па асаблівых даручэннях МЗС Польшчы Ян Хафмокль адзначыў, што такія візіты важныя ў тым ліку для абмеркавання пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, наладжвання канструктыўнага дыялогу. Пасол па асаблівых даручэннях МЗС Швецыі Ганна Вестэрхольм дадала, што дыпламаты хацелі б вывучыць пазіцыю, прыярытэты Беларусі, каб пасля расказаць пра іх у сваіх краінах.-0-

Фота Палаты прадстаўнікоў

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі