Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 верасня 2017, 13:40

Беларусь і Іванаўская вобласць падпісалі план аб супрацоўніцтве на 2018-2020 гады

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Іванаўская вобласць Расіі падпісалі план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва на 2018-2020 гады. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе "Беллегпрама" па выніках візіту ў Іванаўскую вобласць старшыні канцэрна Мікалая Яфімчыка.

Дакументам прадугледжана павелічэнне тавараабароту, актывізацыя сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні, развіццё кааперацыйных сувязей паміж прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці, арганізацыя дзелавых місій для прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, узаемныя пастаўкі сельгаспрадукцыі, арганізацыя электроннага абмену паміж бібліятэчнымі ўстановамі, абменныя мерапрыемствы ў сферы культуры, развіццё турызму, паглыбленне супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі арганізацыямі.

Мікалай Яфімчык адзначыў, што дзякуючы дасягнутым дамоўленасцям беларускі бок разлічвае на значны рост тавараабароту да 2020 года паміж Беларуссю і Іванаўскай вобласцю.

"Мы ўжо намецілі напрамкі нашага супрацоўніцтва. Гэта, безумоўна, вытворчасць тэкстылю, сельская гаспадарка, машынабудаванне. Сярод новых напрамкаў, якія мы плануем рэалізаваць у рамках супрацоўніцтва, - вытворчасць і перапрацоўка лёну, таму што Беларусь мае спецыялістаў у гэтай сферы", - пракаменціраваў падпісанне пагаднення кіраўнік Іванаўскай вобласці Павел Канькоў.

У час другога пасяджэння сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Іванаўскай вобласці прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў прапанавалі наладзіць пастаўкі ў рэгіён электробусаў для мадэрнізацыі гарадскога транспарту Іванава, ліфтаў для замены пры правядзенні капітальных рамонтаў у шматкватэрных дамах, а таксама стварыць цэнтр абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, вырабленай у Беларусі, паколькі, паводле слоў губернатара, каля 70 працэнтаў сельгастэхнікі ў рэгіёне пастаўляецца з Беларусі.

Прадпрыемствы Іванаўскай вобласці згодна з дамоўленасцямі гатовы пастаўляць тканіны, якія не вырабляюцца ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі