Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2015, 13:15

Банкаматы ў сувязі з дэнамінацыяй у Беларусі замяняць не плануецца - прадстаўнік Нацбанка

11 лістапада, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Банкаматы ў сувязі з дэнамінацыяй, якая аб'яўлена ў Беларусі з 1 ліпеня 2016 года, замяняць не плануецца. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Сотнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, што замяняць банкаматы ніхто не будзе. Атрымаўшы інфармацыю ад Нацбанка аб правядзенні дэнамінацыі, безумоўна, ужо ўсе беларускія банкі пачалі работу па перанастройцы праграмнага забеспячэння і набыцці неабходных расшырэнняў, каб працаваць з новымі купюрамі", - сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Аляксандр Сотнікаў выказаў меркаванне, што з 1 ліпеня наступнага года адпаведныя ўстройствы будуць выдаваць у першую чаргу дэнамінаваныя купюры. "З пункту гледжання банкаматнай логікі, думаю, што ў кожным канкрэтным банкамаце будуць загружаны банкноты або дэнамінаваныя, або не. Наўрад ці будуць выкарыстоўвацца і тыя і другія купюры адначасова", - выказаў меркаванне кіраўнік галоўнага ўпраўлення.

Адказваючы на пытанне, якія будуць затраты ў сувязі з гэтым, Аляксандр Сотнікаў адзначыў: "Не гатовы сказаць. Я думаю, што затраты будуць адэкватныя, не вельмі вялікія".

Рашэнне аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі з 1 ліпеня 2016 года замацавана ўказам ад 4 лістапада нумар 450. Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, што знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года і 1 беларускі рубель у грашовых знаках узору 2009 года. Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі. З 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021-га ўключна старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць толькі ў Нацыянальным банку. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі