Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 мая 2016, 17:34

АЭС у Астраўцы будуецца ў першую чаргу для беларускіх спажыўцоў - Міхадзюк

30 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. АЭС у Астраўцы будуецца ў першую чаргу для забеспячэння электраэнергіяй беларускіх спажыўцоў, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у час міжнароднага форуму "Атамэкспа" ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы будуем АЭС у першую чаргу для беларускіх спажыўцоў, каб наша эканоміка была канкурэнтаздольнай. Вядома, любы вытворца любога тавару разглядае магчымасць экспарту. Калі складзецца, што мы будзем канкурыраваць на знешніх рынках, - будзем займацца пытаннем экспарту", - сказаў Міхаіл Міхадзюк.

Намеснік міністра паведаміў, што перагаворы ў тым ліку па тэме экспарту запланаваны на час цяперашняга форуму "Атамэкспа". Акрамя таго, беларускі бок правядзе шэраг сустрэч з міжнароднымі экспертамі, што датычацца падрыхтоўкі да эксплуатацыі АЭС, абмеркаванне з кампаніяй "ТВЭЛ" дэталей пастаўкі ядзернага паліва, падрыхтоўкі кадраў за мяжой. Так, беларускія спецыялісты пройдуць падрыхтоўку на Новаваронежскай АЭС. "Мы ўсведамляем усю важнасць падрыхтоўкі персаналу для атамнай электрастанцыі. У 2017-2018 гадах мы чакаем спецыяльную камісію МАГАТЭ, якая будзе ацэньваць гатоўнасць станцыі да эксплуатацыі", - дадаў Міхаіл Міхадзюк.

Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018-м, другі - у 2020 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі