Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 жніўня 2018, 15:38

Выстава мастака Эдуарда Мацюшонка прапануе адправіцца ў падарожжа па гістарычнай Беларусі

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Радзіма. Рэканструкцыя" мастака Эдуарда Мацюшонка адкрылася 7 жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыю пачынае тэматычная падборка "Каўчэг": расказ аб доме, дзе мастак нарадзіўся, дзе пачаў пазнаваць свет. Тут жа Эдуард Мацюшонак прадставіў і генеалагічнае дрэва. "Калі я пачаў разумець сувязь з бацькоўскім домам, сваёй вёскай, стаў адчуваць і сувязь са сваёй радзімай, яе гісторыяй. Так з'явіліся работы-рэканструкцыі, на якіх паказаны многія архітэктурныя будынкі, цяпер страчаныя", - расказаў мастак.

Карціны Эдуарда Мацюшонка даюць магчымасць гледачу адправіцца ў падарожжа па гістарычнай Беларусі. Гістарычная тэма - адна з асноўных у творчасці мастака. Карціны звязаны з дынастыямі выдатных асоб Беларусі: Храптовічамі, Плятэрамі, Багдановічамі, Козела-Паклеўскімі, Любанскімі і інш. Кожны з іх прадстаўлены ў кантэксце сваёй вялікай спадчыны. Выстава глыбока раскрывае сутнасць паняцця радзімы - ад свайго роднага дома, дзе нарадзіўся і вырас, да спадчыны краіны.

У экспазіцыі з 31 карціны і работы, прысвечаныя гісторыі Вілейшчыны, дзе мастак жыве і працуе. Цесная сувязь з продкамі, любоў да дома, які мастак называе каўчэгам, - гэтыя тэмы прысутнічаюць амаль у кожным палатне. Яны напоўнены глыбокімі філасофскімі разважаннямі аўтара і вельмі блізкія гледачу.

Эдуард Мацюшонак нарадзіўся ў вёсцы Мнюта Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Мастак прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выставах, прайшло больш за 30 персанальных выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША і Германіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі