Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 верасня 2017, 19:07

Выстаўка мэтра рэпартажнай фатаграфіі Мікалая Жалудовіча адкрылася ў Магілёве

25 верасня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Выстаўка мэтра рэпартажнай фатаграфіі, фотакарэспандэнта БЕЛТА Мікалая Жалудовіча 25 верасня адкрылася ў фае кінатэатра "Чырвоная зорка" ў Магілёве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка прысвечана 90-годдзю Мікалая Жалудовіча, які з'яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай рэпартажнай фатаграфіі. У экспазіцыі прадстаўлена 40 лепшых чорна-белых фота, зробленых за перыяд работы ў БЕЛТА, - своеасаблівы фоталетапіс жыцця Магілёўскай вобласці. Гэта фотарэпартажы аб жыцці працоўных калектываў, партрэты, пейзажныя замалёўкі, а таксама пастановачныя фота. Многія з іх у свой час размяшчалі перадавіцы абласных, рэспубліканскіх і цэнтральных газет СССР.

"На працягу многіх гадоў усе свае сілы, веды і багаты вопыт вы аддавалі служэнню айчыннай журналістыцы і творчасці. У сваіх фотасюжэтах вы аб'ектыўна і ўсебакова адлюстроўвалі жыццё Прыдняпроўскага краю. Ваш працоўны шлях, глыбокія веды і багаты практычны вопыт - гэта дастойны прыклад для сучасных фотажурналістаў. Няхай і ў далейшым вашы прафесіяналізм, талент, прыхільнасць свайму прызванню служаць арыенцірам моладзі", - звярнулася да Мікалая Жалудовіча на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка.

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара БЕЛТА Сяргея Адзярыхі, падрыхтаваць гэту выстаўку было вельмі няпроста, самым складаным было выбраць з вялікай колькасці фатаграфій, зробленых на працягу доўгіх гадоў работы Мікалая Сяргеевіча ў БЕЛТА, самыя-самыя. "Кожная яго фатаграфія мае сваю душу, нясе пэўную энергетыку. Гэта не тое сучаснае фота, знятае мабільным тэлефонам у пагоне за сенсацыяй. Гэта сапраўды класіка рэпартажнай фатаграфіі, знятая сапраўдным прафесіяналам, у якога ёсць чаму павучыцца моладзі", - падкрэсліў ён.

Сяргей Адзярыха выказаў словы глыбокай удзячнасці Мікалаю Жалудовічу за яго шматгадовую працу ў БЕЛТА і значны ўклад у развіццё фотажурналістыкі. Ён уручыў юбіляру ганаровую грамату інфармацыйнага агенцтва, кветкі і грашовую прэмію, а ад Магілёўскага карпункта БЕЛТА ў гонар мэтра фотажурналістыкі прагучаў музычны падарунак у выкананні трыа "Водар".

У сваю чаргу Мікалай Жалудовіч падзякаваў арганізатарам мерапрыемства за такі прыгожы падарунак, які яго вельмі крануў. Маладым фотажурналістам мэтр пажадаў ніколі не спыняцца на дасягнутым. "Старайцеся, шукайце, знаходзьце. Не будзьце абыякавымі, будзьце назіральнымі, і ў вас усё павінна атрымацца!" - рэзюмаваў ён.

Свет фота Мікалаю Жалудовічу прыадкрыўся ў надзвычай прыгожым і ў той жа час суровым краі - на Чукотцы, куды яго прывяла служба ў арміі. Яго сябар у канцы 1950 года купіў старэнькі фотаапарат ФЭД і, не здолеўшы асвоіць, прадаў Мікалаю Сяргеевічу. Ён хутка разабраўся і стаў выконваць просьбы аб фатаграфіях на памяць. Фатаграфію не закінуў і калі прыйшоў на работу ў якасці інжынера па ўкараненні новай тэхнікі на завод "Строммашына". Неяк у пачатку 1958 года завод наведаў фатограф газеты "Звязда". Яго зацікавілі здымкі Мікалая Жалудовіча, і ён прапанаваў яму стаць пазаштатным фотакорам. У канцы 1958 года пераводам абкама партыі ён пайшоў з завода штатным фотакарэспандэнтам газеты "Могилевская правда", а ўжо ў канцы 1962-га пачаў працаваць фотакарэспандэнтам БЕЛТА па Магілёўскай вобласці.

Амаль 23 гады з моманту выхаду на пенсію Мікалай Жалудовіч пражыў у Крыме, дзе паспеў яшчэ ў савецкі час пабудаваць дом і адкрыць бізнес. "Але якім бы ні быў цудоўным Крым, я ўсё часцей апошнім часам пачаў задумвацца аб вяртанні ў сваю родную Беларусь, - кажа Мікалай Сяргеевіч. - У 2014 годзе пераехаў дадому". Цяпер жыве ў Магілёве ў кватэры ў дачкі, асвойвае работу з камп'ютарам і інтэрнэтам, пераводзіць свой фоталетапіс у "лічбу", піша аўтабіяграфію пра няпростае, але ў той жа час яркае і цікавае жыццё. Толькі ў асабістай фотатэцы Мікалая Сяргеевіча захоўваецца больш за 10 тыс. негатываў, зробленых за больш як 30-гадовую работу ў журналістыцы, з якой 25 гадоў ён прысвяціў рабоце ў БЕЛТА.-0-

Фота Алега Файніцкага.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі