Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

"Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" пройдуць 22-24 чэрвеня

Культура 22.05.2018 | 13:09
Фота з архіва
Фота з архіва

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" пройдуць 22-24 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Штогадовы фестываль у нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў запрашае паклоннікаў класічнай музыкі, оперы і балета ў "беларускі Версаль".

"Вечары Вялікага тэатра-2018" адкрые 22 чэрвеня канцэртная праграма "Беларускі рамантызм". У Фарным касцёле (Божага цела), які, дарэчы, з'яўляецца першым на тэрыторыі Усходняй Еўропы помнікам архітэктуры барока, прагучаць творы беларускіх кампазітараў, чые імёны сталі сінонімам эпохі рамантызму.

Фестывальны дзень прадоўжыць "Вечар класічнага балета". На сцэне ўнутранага двара замка Радзівілаў зоркі балетнай трупы беларускага Вялікага прадставяць гледачам самыя яскравыя сцэны з балетаў "Лебядзінае возера" і "Карсар". "Белы акт" бессмяротнага "Лебядзінага возера" Пятра Чайкоўскага па праву лічыцца кананічным. Балет "Карсар", "другое прышэсце" якога на сцэну беларускага Вялікага падрыхтаваў Вячаслаў Хамякоў, адкрываў бягучы тэатральны сезон. "Карсар" паўтара стагоддзя ўжо значыцца ў афішах лепшых сусветных тэатраў і ўваходзіць у лік "абавязковых" пастановак разам з "Лебядзіным возерам" і "Жызэль". Дырыжор - Мікалай Калядка.

Другі дзень музычнага марафону ў Нясвіжы, 23 чэрвеня, пачнецца з канцэртнай праграмы "Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі", якая прагучыць у Тэатральнай зале замка Радзівілаў. У канцэрце прымуць удзел салісты опернай трупы Вялікага тэатра Юрый Гарадзецкі (тэнар), Алена Золава (сапрана), Ілья Сільчукоў (барытон). Для гледачоў будуць выкананы сольныя вакальныя творы, якія, нібыта вопытны экскурсавод, правядуць слухачоў па старонках гісторыі нацыянальнай музыкі ад ХVII стагоддзя да XX. Вядучы - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў.

У той жа Тэатральнай зале паклоннікаў жанру раманса чакае канцэртная праграма "Вечар рамансаў Сяргея Рахманінава". У выкананні салісткі оперы Кацярыны Галаўлёвай прагучаць сапраўдныя хіты кампазітара: "Веснавыя воды", "Урывак з Мюсэ", "О, не сумуй!", "Перад абразом" і многія іншыя.

Суботні вечар пройдзе ў атмасферы любові і смутку. На галоўнай сцэне фестывалю ва ўнутраным двары замка будзе разыграна драма кахання і смерці бліскучай парыжскай куртызанкі Віялеты Валеры. Прэм'ера новай пастаноўкі оперы ад рэжысёра Андрэйса Жагарса адкрыла бягучы тэатральны сезон. Дырыжор - Андрэй Галанаў.

Вядучыя салісты беларускай оперы, балета і музыканты струннага квінтэта "Серэнада" 24 чэрвеня запрашаюць паклоннікаў танга-музыкі, страсных паўднёвых напеваў і мелодый у Тэатральную залу замка, дзе для іх прагучыць "Мілонга з Серэнадай".

Завершыць традыцыйны фестываль класічнага тэатральнага мастацтва ў Нясвіжы гала-канцэрт зорак оперы і балета, які адбудзецца на галоўнай сцэне - ва ўнутраным дворыку замка Радзівілаў. У праграме канцэрта - вядомыя оперныя арыі і дуэты, яркія нумары балетных шэдэўраў, шлягеры сусветнай музычнай спадчыны. Дырыжор - Андрэй Галанаў.

У 2010 годзе Вялікі тэатр Беларусі "ўліўся" ў фестывальны рух, ініцыіраваўшы правядзенне "Вечароў Вялікага тэатра" ў нясвіжскім замку роду Радзівілаў - выязнога музычнага марафону артыстаў опернай і балетнай трупы тэатра, музыкантаў аркестра. Традыцыйна мерапрыемствы "Вечароў" праходзяць на некалькіх канцэртных пляцоўках - у Фарным касцёле, Тэатральнай зале замка, а таксама на галоўнай сцэне - ва ўнутраным двары.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Стадыён "Дынама" Стадыён "Дынама" быў афіцыйна адкрыты 12 чэрвеня 1934 года, рэканструяваны ў 1939 годзе, разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947-1954 гадах.