26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі падрыхтаваны праект плана па вяртанні культурных каштоўнасцей на 2017-2018 гады. На пасяджэнні камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, ён прыняты за аснову, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект плана падрыхтаваны на аснове прапаноў Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры. Ён прадугледжвае правядзенне перагавораў аб магчымасці прадастаўлення замежнымі музеямі і дзяржаўнымі органамі культурных каштоўнасцей, якія адносяцца непасрэдна да гісторыі Беларусі, для стварэння часовых экспазіцый на тэрыторыі Беларусі.
Таксама плануецца правядзенне падрыхтоўчых мерапрыемстваў па набыцці электронных копій пэўных культурных каштоўнасцей, арганізацыя работ па вызначэнні месцазнаходжання вывезеных за межы краіны культурных каштоўнасцей з мэтай увядзення іх у навуковы і культурны абарот, арганізацыйнае забеспячэнне вядзення інтэрнэт-партала "Вяртанне".
У плане на наступны год правядзенне перагавораў з Вышэйшай нацыянальнай горнай школай Парыжа з мэтай атрымання дакументаў (іх копій), звязаных з пражываннем Ігната Дамейкі ў Францыі (1832-1837). Будзе прапрацоўвацца з музеем Радэна ў Парыжы пытанне арганізацыі ў Беларусі выставы фатаграфій Пятра Шумава. Намечана завяршэнне работы па перадачы ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі калекцыі выяўленчага і манументальнага мастацтва беларускіх аўтараў з прыватнай калекцыі выхадца з Беларусі, які пражывае ў Манака.
Плануецца прадоўжыць перагаворы з музеем Фіцуільяма (Кембрыдж) аб перадачы ў часовае карыстанне беларускаму боку даспехаў калекцыі Радзівілаў для арганізацыі выставы ў Нясвіжскім замку, а таксама работу з Нацыянальным музеем карт і старых кніг Румыніі па выяўленні артэфактаў, якія ўяўляюць культурную каштоўнасць для Беларусі. Будуць прадоўжаны перагаворы з кіраўніцтвам Палаты прыдворнага ўзбраення Музея гісторыі мастацтва Вены для арганізацыі выставы ўзбраення і даспехаў роду Радзівілаў са збораў замежных музеяў у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж", з бібліятэкай Тартускага ўніверсітэта (Эстонія) для вырабу копіі інкунабулы, выдадзенай у 1496 годзе ў Страсбургу, з экслібрысам і пячаццю Нясвіжскай бібліятэкі.
У наступным годзе запланавана правесці два пасяджэнні камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.-0-