Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 жніўня 2017, 15:56

Тэлегледачы змогуць зазірнуць за кулісы фіналу адбору на дзіцячае "Еўрабачанне"

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлегледачы змогуць зазірнуць за кулісы фіналу адбору на дзіцячае "Еўрабачанне", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Да фіналу Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" засталося два дні. Фіналісты конкурсу завяршаюць падрыхтоўку да гала-канцэрта, які 25 жніўня пройдзе ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі, адзначылі ў прэс-службе.

Заўтра, 24 жніўня, удзельнікі фіналу выйдуць на сцэну ў сцэнічных касцюмах, ва ўмовах, максімальна набліжаных да прамога эфіру грандыёзнага шоу, якое адбудзецца ў пятніцу. Генеральная рэпетыцыя фінальнага гала-канцэрта пройдзе таксама 25 жніўня.

Напярэдадні фіналу ў пятніцу ў 21.45 на тэлеканале "Беларусь 1" новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы" раскажа аб камандзе Белтэлерадыёкампаніі, якая займаецца падрыхтоўкай нацыянальнага адбору. Гледачы ўбачаць закуліссе тэлевізійнага конкурсу і людзей, якія робяць маляўнічае шоу ў прамым эфіры. Журналіст АТН Ніна Мажэйка паразмаўляла з тымі, хто амаль заўсёды застаецца за кадрам: ад кіраўніка праекта "Еўрабачанне" ў Беларусі да аператараў і мастакоў-графікаў. Аўтары праекта паспрабавалі адказаць на пытанні, праз якія выпрабаванні даводзіцца прайсці юным артыстам дзеля таго, каб трапіць у дзясятку фіналістаў, і як рыхтуюцца тыя, хто выйдзе на сцэну студыі "600 метраў", каб праспяваць ужывую для гледачоў.

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by пачнецца 25 жніўня ў 22.00.

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Магчымасць прыняць удзел у тэлефонным і SMS-галасаванні кожнаму абаненту сеткі стацыянарнай сувязі і ўсіх сотавых сетак Беларусі забяспечыць кампанія "Белтэлекам". Тэлефонныя нумары для галасавання паведамяць тэлегледачам вядучыя канцэрта Тэа і Вольга Рыжыкава. Дастаткова адправіць SMS за канкурсанта, які спадабаўся, або пазваніць па нумарах, абазначаных эфірнай графікай у час трансляцыі, і дачакацца адказу, што голас абанента прыняты. Працягласць акна тэлегаласавання складзе 10 мінут.

Пераможца прадставіць Беларусь на прэстыжным конкурсе 26 лістапада гэтага года ў Тбілісі (Грузія).

Арганізацыю нацыянальнага адбору і падрыхтоўку да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі