Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лютага 2017, 20:01

Стаць удзельнікамі конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка" змогуць усе жадаючыя школьнікі

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаць удзельнікамі рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка" змогуць усе жадаючыя школьнікі. Гэта прадугледжана палажэннем конкурсу, які ўпершыню праводзіцца ў Беларусі ў маштабах Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучні пачатковых класаў, 5-6, 7-8 і 9-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Дэвіз конкурсу - "Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!". Творчае спаборніцтва праводзіцца для павышэння цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіцця і захавання высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў беларускага грамадства, выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэння чытацкага кругагляду, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі.

Конкурс праводзіцца ў чатыры этапы. Першы этап пройдзе ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 1 па 31 сакавіка. Колькасць удзельнікаў не абмяжоўваецца.

Другі этап - раённы, пройдзе з 1 па 30 красавіка. Пераможцы раённага этапу конкурсу, якія занялі першыя месцы ў кожнай узроставай групе, прымуць удзел у абласным этапе конкурсу.

Абласны этап адбудзецца з 1 па 31 мая. Ён праводзіцца абласнымі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Мінскім гарадскім палацам дзяцей і моладзі. Пераможцы трэцяга этапу ў кожнай узроставай групе прымуць удзел у заключным, рэспубліканскім этапе, які плануецца ў Дзень беларускага пісьменства ў горадзе - сталіцы свята беларускага пісьменства Полацку.

У склад журы конкурсу на ўсіх яго этапах уваходзяць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў.

Выступленні юных чытальнікаў будуць ацэньвацца па наступных крытэрыях: глыбіня пранікнення ў вобраз і сэнс твора; выбар тэксту твора; артыстызм выканання. Шкала ацэнкі ў адпаведнасці з кожным крытэрыем - ад 0 да 10. Максімальна магчымы бал па выніках выступлення - 30. Усе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі лаўрэатаў, дыпломамі пераможцаў першай, другой і трэцяй ступеней адпаведна.

Пераможцы рэспубліканскага конкурсу ўзнагароджваюцца пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня".

Ход творчага спаборніцтва юных чытальнікаў атрымае шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі. Інфармацыйнымі партнёрамі конкурсу з'яўляюцца: "Выдавецкі дом "Звязда", "Вясёлка", "Бярозка", "Качели", "Зорька", "Рюкзачок" і іншыя СМІ. Сюжэты ў эфіры нацыянальных і рэгіянальных тэлеканалаў таксама раскажуць аб ходзе конкурсу. Тэлеверсія рэспубліканскага этапу конкурсу будзе паказана асобнай праграмай у эфіры ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".

Заснавальнікамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне", ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі