Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лютага 2017, 15:06

Стартаваў рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка"

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міжнародны дзень роднай мовы дадзены старт рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Аб пачатку праекта, які ўпершыню праводзіцца ў маштабах Беларусі, аб'явіла 21 лютага міністр інфармацыі Лілія Ананіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прывіваць любоў да чытання дзецям павінны дарослыя, паколькі гэта важна, каб арыентавацца ў шырокай інфармацыйнай прасторы. Больш таго, неабходна, каб чытанне набыло новы сэнс, а чытальнікі, у першую чаргу дзеці, звярнулі ўвагу на тое, як прыгожа гучыць роднае слова, адзначыла Лілія Ананіч.

Міністр падкрэсліла, што 2017-ы - год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і дадала, што гэты час стане часам прапаганды чытання і роднага слова.

Такія праекты, якім з'яўляецца рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка", узбагачаюць грамадства і краіну, упэўнена Лілія Ананіч. Невыпадкова дэвіз конкурсу - "Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!".

Конкурс "Жывая класіка" стартуе ў срэдніх школах, затым лепшыя чытальнікі прадэманструюць сваё майстэрства на раённым этапе, пасля - на абласным. Фінальныя мерапрыемствы пройдуць у Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.

"Зусім не трэба, каб усе дзеці сталі пісьменнікамі. Але для некага ўдзел у гэтым конкурсе дапаможа вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху", - лічыць Лілія Ананіч.

Міністр інфармацыі расказала, як, будучы дзевяцікласніцай, прымала ўдзел у творчым конкурсе, дзе чытала вершы Янкі Купалы. Лілія Ананіч і сёння помніць тое хваляванне, якое адчувала, дэкламуючы вершы класіка.

На думку міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі, гэта конкурс, які дасць магчымасць узляцець многім творчым сілам краіны. Ён дадаў, што яго пераможцы змогуць правесці змену ў лагеры "Зубраня".

Саюз пісьменнікаў Беларусі падрыхтаваў спецыяльны прыз самаму арыгінальнаму чытальніку, аб чым расказала намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах.

Намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Павел Каранеўскі ў сваю чаргу расказаў, што канал пакажа, як узоры беларускай паэзіі будуць чытаць вядомыя асобы ў сферы культуры - Віктар Манаеў, Таццяна Мархель, Аляксандр Яфрэмаў. Акрамя таго, плануецца вялікае тэлевізійнае падарожжа па мясцінах нараджэння беларускіх літаратараў.

Арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка" з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і "Сталічнае тэлебачанне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі