Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 ліпеня 2016, 12:43

Спектакль "Пацукалоў" вернецца ў рэпертуар Брэсцкага тэатра лялек у новым сезоне

26 ліпеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Абноўлены спектакль "Пацукалоў" вернецца ў рэпертуар Брэсцкага тэатра лялек у новым сезоне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Міхаіл Шавель.

Спектакль па аднайменнай паэме Марыны Цвятаевай на сцэне Брэсцкага тэатра лялек паставіў вядомы тэатральны рэжысёр Алег Жугжда. Прэм'ера пастаноўкі адбылася ў 2002 годзе. Спектакль - удзельнік міжнародных фестываляў у Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, меў поспех у крытыкі і публікі. Аднак на некалькі апошніх гадоў "Пацукалоў" знік з афішы тэатра.

"Спектакль - гэта жывы арганізм: ён таксама можа развівацца і згасаць. Пастаноўка патрабавала "капітальнага аднаўлення". З гэтай мэтай мы запрасілі аўтара інсцэніроўкі ў Брэст, паправілі многія сцэны. На мой погляд, яны сталі больш дасканалымі і дакладнымі. Акрамя таго, увялі ў спектакль новых выканаўцаў, абнавілі дэкарацыі і касцюмы. Нідзе больш у рэспубліцы "Пацукалоў" не ідзе, між тым, ён створаны на багатым літаратурным матэрыяле. Таму ў новым тэатральным сезоне будзем выкарыстоўваць яго ў сваім рэпертуары", - расказаў Міхаіл Шавель.

У аснове паэмы Марыны Цвятаевай, напісанай паэтэсай у эміграцыі ў 1922 годзе, знаходзіцца старажытнагерманская легенда з жорсткім фіналам. У ёй расказваецца аб вандроўным музыканце, які вызваліў горад Гамельн ад нашэсця пацукоў. Музыкант выканаў сваё абяцанне, але ўзнагароджання не атрымаў. У пакаранне жыхарам горада, якія не стрымалі слова, ён той жа ігрой на флейце заварожвае і вядзе за сабой усіх гамельнскіх дзяцей.

Разам з "Пацукаловам" у новым тэатральным сезоне гледачы ўбачаць і абноўлены спектакль "Рыгорка - ясная зорка". На сцэне Брэсцкага тэатра лялек ён ідзе ўжо больш як чвэрць стагоддзя. Аўтарам пастаноўкі таксама з'яўляецца рэжысёр Алег Жугжда. Спектакль прадаўжае традыцыі беларускага народнага тэатра - батлейкі.

Адкрыццё 54-га тэатральнага сезона ў Брэсцкім тэатры лялек адбудзецца 18 верасня. Юным гледачам пакажуць сумесны беларуска-славенскі спектакль "Пякарня Мыш-Маш". Усяго за час існавання тэатра яго трупай было пастаўлена каля 150 спектакляў для дзяцей і дарослых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі